Сухій: выхад з Орхускай канвенцыі не вызваляе Мінск ад міжнародных абавязанняў
Дзіцячымі паводзінамі назвала кіраўніца "Экадома" Ірына Сухій выхад Беларусі з Орхускай канвенцыі.
На яе думку, беларускія ўлады так адрэагавалі на патрабаванні, выстаўленыя афіцыйнаму Мінску ў рамках канвенцыі.
"Мы пакрыўдзіліся, нам сказалі аднавіць у правах "Экадом", на нас аказалі ціск. Гэта выглядае як дзіцячыя паводзіны. Мы псіханулі. Пляснулі дзвярыма. Мы такія крутыя, што можам выйсці", — цытуе інфармагенцтва BPN словы Сухій.
Яна падкрэслівае, што выхад Беларусі з Орхускай канверцыі не вызваляе дзяржаву ад міжнародных абавязанняў у галіне экалогіі.
На экалагічную сітуацыю ў Беларусі гэтае рашэнне, на думку Сухій, у найбліжэйшай перспектыве не паўплывае. Яна кажа, што дзяржава і так не адпавядала канвенцыі, не выконвала яе стандарты ў сферы грамадскага кантролю.
У аддаленай перспектыве гэта можа прывесці "да сур'ёзнага пагаршэння навакольнага асяроддзя", што будзе вельмі цяжка выправіць.
Як распавядала Еўрарадыё, 18 ліпеня Аляксандр Лукашэнка пдпісаў указ пра выхад з Орхускай канверцыі. Улады заявілі, што ў кастрычніку 2021 года на Беларусь пачаўся ціск з боку кіраўнічых органаў канверцыі.
Дарэчы, сёлета ў лютым Беларусь пазбавілі правоў і прывілеяў па міжнароднай экалагічнай канвенцыі. Прычынай стала ліквідацыя экалагічнай арганізацыі "Экадом".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.