Сур'ёзнае бурленне: беларусы ўсё больш падтрымліваюць сілавое зрынанне Лукашэнкі

Беларусы страчваюць цярпенне і ўхваляюць больш рашучыя метады барацьбы з рэжымам / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Беларусы страчваюць цярпенне і ўхваляюць больш рашучыя метады барацьбы з рэжымам / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

За лета беларуская ўлада, грамадства і апазіцыя сталі больш радыкальнымі. Лукашэнка рыхтуецца да вайны, апазіцыя — да сілавога сцэнара зрынання Лукашэнкі, а грамадства стала больш падтрымліваць гэты сцэнар.

Як беларусы ад падтрымкі мірных пратэстаў перайшлі да больш смелых настрояў, эксперты расказалі ў прэзентацыі справаздачы "Беларускага трэкера перамен".
 

Лукашэнка больш не прыцягвае новых прыхільнікаў

На думку сацыёлага Філіпа Біканава, стварэнне Аб'яднанага пераходнага кабінета з сілавікамі — гэта своечасовы адказ на запыт грамадства. Такія высновы сацыёлаг зрабіў зыходзячы з вынікаў апытання. У першай анлайн-панэлі апытана 1010 рэспандэнтаў з 17 да 31 жніўня 2022 года. У другой — 502 рэспандэнты з 17 да 21 жніўня. Апытвалі жыхароў гарадоў з насельніцтвам звыш 5 тысяч чалавек. Праведзена ўзважванне выбаркі метадам RIM Weights (Raking) па прыкметах памеру населенага пункта, адукацыі, полу і ўзросту.

Але беларусы ж хацелі мірнага пратэсту. Што адбылося?

Серьёзное бурление: белорусы всё больше поддерживают силовое свержение Лукашенко
Беларусы сталі горш ацэньваць практычна ўсе сферы. Індэкс менш за 100 — негатыўная ацэнка / Філіп Біканаў

Сілавы сцэнар папулярнейшы на фоне канфлікту ў грамадстве

— Наступны поінт — канфлікт [у грамадстве. — Еўрарадыё] — або ўжо трансфармаваўся, або актыўна трансфармуецца ў канфлікт не толькі палітычны, але і сацыяльны, — кажа Біканаў.

Эксперт вызначае гэта па ўключанасці людзей у сістэму і тым, якія выгады яны ад яе атрымліваюць.

— Яны могуць быць як матэрыяльныя, так і пэўныя прывілеі. Калі мы паглядзім на індэкс сям'і, дзяржавы, чаканняў і індэкс улады, то ўбачым, што людзі ў групах прыхільнікаў рэжыму ў большай ступені чэрпаюць аптымізм для сябе ў дзяржаўных інстытуцыях. А людзі, схільныя да недаверу, або заўзятыя праціўнікі рэжыму горш ацэньваюць сітуацыю, не маюць ніякіх надзей на дзяржаву. Гэта гаворыць пра трансфармацыю ў сацыяльны канфлікт.

Серьёзное бурление: белорусы всё больше поддерживают силовое свержение Лукашенко
Індэкс менш за 100 — адмоўныя настроі. ИС — індэкс сям'і, ИБ — дабрабыту краіны, ИО — чаканняў, ИВ — улады, ИСН — сацыяльных настрояў / Філіп Біканаў

Так, павялічваецца палярызацыя заўзятых прыхільнікаў і праціўнікаў уладаў. Праз гэта расце непрыняцце рознымі групамі адно аднаго.

— Чаму гэта важна? Адбылася поўная змена парадыгмы падтрымкі сілавога сцэнара. Мы падзялілі выбарку на дзве часткі. Адной задалі прамое пытанне: "7–9 жніўня ў Вільні была Канферэнцыя беларускіх дэмакратычных сіл. Адным з прадметаў дыскусіі было адхіленне Аляксандра Лукашэнкі ад улады сілавымі метадамі. Ці падтрымалі б вы такую прапанову?".

У другой частцы выбаркі папрасілі ўявіць знаёмага чалавека і выказаць здагадку, як ён бы адказаў на пытанне пра сілавое супрацьстаянне Лукашэнку.

— У верасні 2021 года Chatham House задаваў пытанне, дзе таксама была опцыя з праактыўным сілавым пратэстам, і яе папулярнасць была ўсяго 4,5%. У нашым апытанні ў сегменце заўзятых праціўнікаў ужо пераважная большасць падтрымала б праактыўны сілавы сцэнар. У сегменце схільных да недаверу ўладзе інерцыя наратыву, што пратэст павінен быць мірны, даволі моцная, але ўжо даволі блізка да перагортвання сітуацыі. Дзве гэтыя групы разам даюць 40-50% падтрымкі такога праактыўнага [сілавога. — Еўрарадыё] метаду.

Серьёзное бурление: белорусы всё больше поддерживают силовое свержение Лукашенко
Прамое пытанне — пра свой удзел у сілавым зняцці Лукашэнкі, праактыўнае — пра знаёмага чалавека / Філіп Біканаў

— Такім чынам, мы бачым, што прызначэнні сілавікоў, Сахашчыка і Азарава, у Кабінет — гэта добры і своечасовы адказ на запыт пратэставай часткі грамадства. Улічваючы, што мы бачым трансфармацыю канфлікту ў сацыяльны, гэта ўсё выглядае як ужо сур'ёзнае бурленне, — кажа Філіп Біканаў.
 

Радыкалізацыя ўсіх

Улетку беларуская апазіцыя і ўлада таксама праходзілі фазу мілітарызацыі, адзначае палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман. Шмат у чым гэта перадалося вайной ва Украіне і тым, як розныя сілы рэагавалі на яе.

Лукашэнка паспеў раздаць зброю МНС, абвясціў пра народнае апалчэнне пры кожным сельсавеце. У ліпені сказаў, што зброю трэба даць і леснікам.

Серьёзное бурление: белорусы всё больше поддерживают силовое свержение Лукашенко
Гаворачы пра мілітарызацыю, Лукашэнка чамусьці часта абапіраецца на прыклад Украіны / РИА

— Яшчэ адзін трэнд — пашырэнне рэпрэсіўнай актыўнасці за межы медыя, якія пішуць пра палітыку. Па меры вычарпання палітызаваных медыя ўлады пераходзяць да зачысткі ўсяго астатняга непадкантрольнага медыйнага поля.

Уцягванне праўладных актывістаў, прапагандыстаў у рэпрэсіі таксама прыкметна пашырылася.

— Гэтыя людзі сталі браць на сябе функцыі нефармальных ідэалагічных інспектараў з боку ўлады. Гэта і закрыццё бара "Каліноўскі" ў пачатку лета. І зачыстка турыстычнай сферы, дзе гэтыя людзі запісваліся на экскурсіі для таго, каб выкрываць гідаў, якія неяк не так трактуюць гісторыю.

У гэты ж час у дэмсілах адбылася кансалідацыя, хоць і не поўная.

— Прыхільнікі пары Цапкалаў працягнулі прасоўваць сваю структуру. Нягледзячы на тое, што многія лічаць іх маргіналамі і спойлерамі, я б не стаў прымяншаць ролю гэтай групы актывістаў у тым, што датычыцца запуску рэформы дэмакратычных сіл. Менавіта з іх шматмесячнай крытыкі ўсё гэта і пачалося.

І апошні трэнд — гэта радыкалізацыя апазіцыі. Адной з мэтаў стварэння Кабінета стала фактычна дэакупацыя Беларусі. Прызначэнне туды двух сілавікоў таксама гаворыць за сябе. Гэта яшчэ адна відавочная праява ўзрослай талерантнасці дэмакратычных сіл да выкарыстання нямірных метадаў палітычнай барацьбы, — робіць выснову Арцём Шрайбман.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі