Сусветны банк рэкамендуе Беларусі ўзмацніць меры сацыяльнага дыстанцыявання
Сацыяльнае дыстанцыяванне / wfae.org
Сусветны банк працягвае рэкамендаваць Беларусі ўзмацніць меры сацыяльнага дыстанцыявання. Чым раней яны будуць уведзеныя, тым менш значнымі будуць доўгатэрміновыя наступствы і страты для эканомікі.
— Досвед паказвае, што калі ўведзены жорсткія меры сацыяльнага дыстанцыявання на раннім этапе, гэта адразу негатыўна адбіваецца на эканоміцы, але можа прывесці да больш хуткага ажыўлення эканомікі ў будучыні і дапамагае захаваць фіскальныя рэсурсы, — тлумачыць Кірыл Гайдук, эканаміст Сусветнага банка.
Эксперт прывёў у прыклад Аўстралію, Новую Зеландыю і Вялікабрытанію. Першыя дзве краіны ўвялі раннія меры дыстанцыявання і зэканомілі пэўныя рэсурсы, а ў Вялікабрытаніі на пандэмію адрэагавалі са спазненнем, што стварыла высокую нагрузку на сістэму аховы здароўя.
— Беларусь — у ліку 5 краін, дзе фіксуецца найбольшая колькасць інфіцыраваных на мільён. Калі сітуацыя перарасце ў масавую эпідэмію, аднаўленне эканомікі будзе праходзіць нашмат цяжэй і даўжэй. Беларусь уваходзіць у крызіс ужо са складанай эканамічнай сітуацыяй. Крызіс з каранавірусам увязаны з іншымі цяжкасцямі. Сусветны банк рэкамендуе выкарыстоўваць меры сацыяльнага дыстанцыявання, каб людзі вярнуліся да паўнавартаснай працы як мага хутчэй, — дадае Тэхміна С. Хан, старшы эканаміст Сусветнага банка па Беларусі і Украіне ў галіне макра-фіскальнага кіравання, інвестыцый і гандлю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.