Сусветны банк: у 2020 годзе ВУП Беларусі можа знізіцца на 4%
ВУП будзе зніжацца / belrynok.by
У 2020 годзе чакаецца падзенне ВУП як найменш на 4 працэнты, заявіла Марына Сідарэнка, эканаміст Сусветнага банка па Рэспубліцы Беларусь. Такое зніжэнне можа стаць самым значным за апошнія 25 гадоў.
— Пры гэтым будзе назірацца захаванне нізкіх тэмпаў эканамічнага росту. Наш прагноз можна нават назваць аптымістычным, ён мяркуе, што аднаўленне эканомікі пачнецца ўжо ў 2021 годзе. У 2021 годзе рост ВУП будзе нізкім і складзе 1%, у 2022 годзе — 1,2%. Але калі сітуацыя з пандэміяй каранавіруса будзе пагаршацца, то прагноз будзе перагледжаны, — тлумачыць Марына Сідарэнка. — Яго, у цэлым, варта разглядаць як адзін з многіх сцэнарыяў развіцця эканомікі, бо ў цяперашняй сітуацыі існуе высокая ступень нявызначанасці.
Эканамісты Сусветнага банка лічаць, што беларуская эканоміка ў значнай ступені падпарадкаваная ўздзеянню зніжэння дзелавой актыўнасці ў краінах-партнёрах (Расія і ЕС), падзенню сусветных цэн на нафту і глабальнай фінансавай валацільнасці ў сувязі з пандэміяй COVID-19. У арганізацыі ўпэўненыя, што сацыяльнае дыстанцыяванне для стрымлівання распаўсюджвання віруса і падтрымка ўразлівых хатніх гаспадарак могуць дапамагчы хутчэй нармалізаваць сітуацыю.
— Каб дапамагчы змякчыць сацыяльныя і эканамічныя наступствы пандэміі, вельмі важна ўзмацніць падтрымку бедных і найбольш уразлівых груп насельніцтва, — падкрэслівае Кірыл Гайдук, эканаміст Сусветнага банка па Рэспубліцы Беларусь. — У Беларусі гэтыя меры могуць уключаць у сябе пашырэнне ахопу і памераў дзяржаўнай адраснай дапамогі, такіх як штомесячныя выплаты праграмы дзяржаўнай адраснай дапамогі, а таксама павелічэнне дапамогі па беспрацоўі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.