Сусветныя цэны на нафту абваліліся

Сусветныя цэны на нафту абваліліся

На адкрыцці таргоў 9 сакавіка цана на нафту маркі Brent склала 38 долараў. Напярэдадні, на закрыцці таргоў, яна каштавала 46 долараў, паведамляе РБК.

Па стане на 1:15 мінскага часу, Brent патаннела на 22% — да 35,26 долара за барэль. Нафта маркі WTI патаннела на 21% — да 32,5 долара. 

Травеньскі ф'ючарс маркі Brent апусціўся да 33,55 долара. Такі нізкі паказчык у нафты апошні раз быў у студзені 2016 года. 

Нафта паказала рэкорднае падзенне на працягу аднаго дня з 1991 года, калі пачалася аперацыя ЗША "Бура ў пустыні" ў Персідскім заліве. Тады ЗША вызвалілі Кувейт, захоплены Іракам.

За некалькі хвілін да пачатку таргоў банк Goldman Sachs выпусціў прагноз, згодна з якім цана нафты Brent можа панізіцца да 20 долараў за барэль у бліжэйшыя тыдні. Сярэдні кошт маркі Brent, паводле прагнозаў банка, у другім і трэцім кварталах 2020 года складзе 30 долараў.

У сваім прагнозе аналітыкі банка Goldman Sachs патлумачылі: "Мы лічым, што АПЕК і Расія на гэтых выходных пачалі цэнавую вайну, пасля таго як Сірыя агрэсіўна скараціла адносную цану, па якой яна прадае сваю нафту, на максімум па меншай меры за 20 гадоў". Падчас гэтай цэнавай вайны, на думку аналітыкаў, вытворцы нафты з нізкім сабекоштам будуць нарошчваць здабычу, каб прымусіць вытворцаў з больш высокімі выдаткамі скараціць здабычу сыравіны.

Расійская нафта Urals, якую купляе Беларусь, каштуе танней за Brent — звычайна на 1,5-2 долара. Сусветнае зніжэнне коштаў паўплывае і на расійскіх вытворцаў. Пры гэтым у расійскім бюджэце базавы кошт нафты Urals на 2020 год закладзены ў 42,4 долара за барэль. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі