Сувязь суддзі Шмыта з Беларуссю мае даўнюю гісторыю — прэм'ер Польшчы
Дональд Туск
Суддзя Томаш Шмыт мае з Беларуссю даўнія сувязі, і гэта выклікае заклапочанасць. Так прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск пракаментаваў справу суддзі, які папрасіў прытулак у Беларусі.
"Няма сумневаў, што мы маем справу не з адзінкавым учынкам, а з праблемай, якая пачалася вельмі даўно", — цытуе Gazeta.pl словы кіраўніка польскага ўрада.
На думку Туска, выпадак са Шмытам палягае не ў сферы маралі або медыйных сенсацый — гаворка пра дзяржаўную бяспеку: "Трэба аддаваць сабе справаздачу ў тым, што службы, у дадзеным выпадку беларускія, працавалі з асобай, якая мела прамы доступ да міністра юстыцыі, несла адказнасць за разбурэнне судовай сістэмы ў Польшчы, мела доступ да інфармацыі, да якой ніводная разведка не магла мець доступ".
Сувязь Шмыта з Беларуссю, па словах польскага прэм'ера, "мае даўнюю гісторыю", што павінна выклікаць "максімальную заклапочанасць".
Як распавядала Еўрарадыё, 6 траўня ў Мінску польскі суддзя Томаш Шмыт даў прэс-канферэнцыю. Ён заявіў, што пакінуў Польшчу па палітычных матывах і мае намер прасіць палітычнага прытулку ў Беларусі.
У Польшчы Шмыт фігураваў у скандале са злівам кампрамату на сваіх калег, якія не падтрымлівалі судовыя рэформы, арганізаваныя польскай кіроўнай партыі "Права і справядлівасць" (ПіС). Дагэтуль абвінавачанні па гэтай справе не былі нікому выстаўленыя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.