Сваячка салдата, загінулага пад Гроднам: Прасіў перавесці грошы на чужыя карткі
Сваякі салдата, якога знайшлі павешаным у лесе пад Гроднам, распавядаюць пра падзеі, якія папярэднічалі трагічнаму здарэнню. Радыё Свабода пагутарыла са стрыечнай сястрой хлопца, Вольгай.
Імя загінулага салдата — Сяргей Ясюкевіч, яму мусіла споўніцца 27 гадоў сёлета ў снежні. Раней Міністэрства абароны паведаміла, што малады чалавек служыў у Гродзенскім гарнізоне цягам ужо 16 месяцаў. 5 верасня ён самавольна пакінуў сваю частку, а 8 верасня яго знайшлі павешаным у лесе. Сяргей пакінуў перадсмяротную запіску, з якой, паводле Мінабароны, вынікала, што прычына смерці мае “асабісты характар”.
Сваячка хлопца распавядае, што Сяргей да службы ў войску трапіў пад уплыў кепскай кампаніі і быў двойчы судзімы за крадзеж, за што адбываў пакаранне на вольным пасяленні. Пазней ён працаваў у Маскве, а ў 25 гадоў вырашыў, што хоча служыць у войску па кантракце.
Праз наяўнасць судзімасці яго не бралі на тэрміновую службу, аднак ён сам прасіўся ў ваенкамаце, таму яго ў выніку ўзялі. Сам хлопец з-пад Наваградка.
Падчас службы ў войску ён перапісваўся са стрыечнай сястрой праз сацыяльную сетку Вконтакте і перыядычна прасіў грошай. Пры гэтым ён дасылаў нумары картак ці невядомых тэлефонаў, на якія трэба пакласці пэўную суму — то 10, то 20, то 50 рублёў.
Вольга таксама кажа, што ў чэрвені Сяргею прастрэлілі руку і ён знаходзіўся на лекаванні ў Мінску.
Апроч таго, жанчына не верыць, што яе стрыечны брат знік толькі 5 верасня, бо ўжо некалькі тыдняў ёй, а таксама родным сястры і брату тэлефануюць з вайсковых органаў і пытаюцца, ці не ведаюць яны, дзе Сяргей і з кім ён камунікаваў. Да роднай сястры хлопца прыходзілі з апытаннем ажно ў радзільню, дзе яна цяпер ляжыць на захаванні.
Пахаваюць Сяргея Ясюкевіча ў сераду, 12 верасня, у вёсцы Ятра пад Наваградкам, дзе ён нарадзіўся.