Сваяк Васіля Быкава стварыў у Расіі будаўнічую фірму для беларусаў

Мікалай Быкаў — былы ваенны. Ён скончыў Віленскую ваенную вучэльню, служыў па ўсім Савецкім Саюзе і за яго межамі. Але продкі яго — з Ушацкага раёна.
"Сам я жыў у Верхнядзвінскім раёне. Мы каранямі датычныя з вялікім пісьменнікам Васілём Быкавым. Хаця ўзаемаадносінаў у нас не было. Таму казаць, што я яго ведаю дасканала, нельга. Але ўсе яго творы я ведаю. Мы гэта вучылі ў школе".
Цяпер Быкаў у Санкт-Пецярбургу мае шэраг кампаній. Адна з іх — Асвейская будаўнічая кампанія — названая ў гонар Асвеі, мястэчка на Віцебшчыне.
"Я быў вымушаны жыць там, дзе знаходзіўся. Бізнэс я вяду там, дзе я звольніўся. У Беларусі яго складаней весці. Тут няма эканамічных паказчыкаў, пры якіх можна было б перавесці сюды бізнэс".
На прадпрыемствах Мікалая Быкава працуе шмат беларусаў. У асноўным гэта людзі, якія згубілі працу на радзіме і едуць на заробкі ў Расію, каб пракарміць сям'ю.
"Я дапамагаю беларусам уладкавацца. Мы плацім там за 2-3 месяцы столькі ж, колькі тут яны не заробяць за год. Шмат прагрэсіўнай моладзі выехала. Шмат беларусаў працуе за мяжой. У мяне велізарная колькасць беларусаў працуе на прадпрыемстве. Яно не такое вялікае, але тут працуе каля 300 беларусаў — гэта да 70 працэнтаў".
У кіраўніцтве кампаніі — таксама землякі Быкава. Гэта такі прынцып: дапамагаць сваім, кажа прадпрымальнік.
Але вельмі шмат беларусаў працуюць і там, дзе гаспадараць не беларусы. Пры гэтым нашым уладкавацца ў Расіі цяпер стала цяжэй. Вялікую канкурэнцыю складаюць узбекі і таджыкі, якім можна плаціць менш.
"Беларусам складаней знайсці сабе працу. Калі беларусам мы адну суму плацім, узбекам — іншую", — кажа Мікалай Быкаў.
Працуе ў кампаніі і прэтэндэнт у кандыдаты Рыгор Кастусёў.
Рыгор Кастусёў: "Ён дае магчымасць працаваць тым беларусам, якія ў Беларусі аказаліся без працы. Я лічу, што гэта вельмі патрыятычны крок. Ён дапамагае нашым людзям выжыць у гэтай складанай палітычнай і эканамічнай сітуацыі".
Дарэчы, свой бізнес Быкаў гатовы перавесці ў Беларусь і кажа, што калі тут усё зменіцца, краіну можна заваліць грашыма. Галоўнае — каб інвестар разумеў, што калі зменіцца прэзідэнт ці ўрад, інвестыцыйны клімат і законы застануцца тымі ж.
"Калі змяніць падатковую сістэму, зрабіць яе зразумелай — я ведаю метады, што краіна будзе захлёбвацца ад грошай. У Расіі гэта не трэба: там ёсць нафта і газ. Там проста не патрэбны сярэдні клас. А тут патрэбны, і яго можна стварыць толькі з дапамогай малога і сярэдняга бізнэсу. Я гатовы сюды ўкласці ўсё, калі нешта зменіцца".
З Кастусёвым пазнаёміліся шмат гадоў таму, праз грамадскую дзейнасць. Быкаў кіраваў аб'яднаннем беларусаў у Піцеры і быў у Саюзе правых сіл, які на той момант супрацоўнічаў з Партыяй БНФ.
"Рыгор Андрэевіч у мяне з'яўляецца намеснікам па эканоміцы ў Асвейскай будаўнічай кампаніі. Няма неабходнасці знаходзіцца пастаянна на месцы — але ёсць неабходнасць вырашаць шэраг пытанняў. Напрыклад, падпісанне важных дамоваў, якія ён вырашае для мяне станоўча".
Асвейская будаўнічая кампанія будуе шматпавярховыя дамы, катэджныя пасёлкі, а таксама гандлёва-забаўляльныя цэнтры ў Расіі, Украіне ды некаторых краінах Еўропы.
На фота адзін з цэнтраў пабудаваных кампаніяй.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі