Светлагорца асудзілі за відэа, як пара займаецца сэксам на вуліцы
За выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў яму прысудзілі два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на год.
У Светлагорску раённы суд асудзіў 25-гадовага мясцовага жыхара да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на год. Хлопца прызналі вінаватым у вырабе і распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў. Паводле рашэння суда ў яго канфіскавалі камп'ютар, фотаапарат і мабільнік, перадае БелаПАН.
Нагодай стала гісторыя, якая адбылася ў 2014 годзе. 8 жніўня малады светлагорац зняў на відэа, як на набярэжнай нецвярозая пара прылюдна займалася сэксам. Гэта назіралі 10-15 чалавек, у тым ліку дзеці. Малады чалавек кажа, што быў шакаваны сцэнай. Ён размясціў відэа на сваёй старонцы ў сацсетцы. Хлопец кажа, што хацеў перасцерагчы гараджан ад таго, што можа чакаць іх і дзяцей на вуліцах горада.
Праз два дні пасля размяшчэння відэа ў інтэрнэце светлагорца выклікалі ў міліцыю. Ён нічога не адмаўляў. Экспертыза прызнала відэа парнаграфіяй.
Хлопец не меў судзімасцяў, скончыў ВНУ па эканамічнай спецыяльнасці, мае станоўчыя характарыстыкі. На судзе ён цалкам прызнаў віну, выдаліў запіс са сваёй старонкі, апублікаваў афіцыйныя прабачэнні, адшукаў па сетцы копіі відэа і папрасіў выдаліць.
Адвакат прасіла суд пакараць маладога чалавека адміністрацыйна. Аднак пракурор настойваў, што дзеянні светлагорца наносяць шкоду грамадскай маралі. Суд пагадзіўся з пракурорам.
Фота — Shutterstock