Святлана Ціханоўская едзе ў Нью-Ёрк на сесію Генасамблеі ААН
Святлана Ціханоўская адпраўляецца ў Нью-Ёрк. Там яна з 18 па 22 верасня прыме ўдзел у мерапрыемствах з нагоды 77-й сесіі Генасамблеі ААН, паведамляе яе прэс-служба.
Ціханоўская наведае штаб-кватэру ААН. Там у яе запланаваны шэраг двухбаковых сустрэч — з прадстаўнікамі Дзярждэпартамента ЗША, спецпрадстаўніком ЕС па правах чалавека ды іншымі палітыкамі.
19 верасня пройдзе дыскусія высокага ўзроўню, прысвечаная палітычнаму крызісу ў Беларусі, а таксама ролі мінскага рэжыму ў вайне супраць Украіны. Яе ладзяць Святлана Ціханоўская і Эстонія.
У той жа дзень Ціханоўская сустрэнецца са старшынёй Еўракамісіі Урсулай фон дэр Ляен. Мяркуецца, што палітыкі абмяркуюць спрашчэнне візавых умоваў для беларусаў і гарантыі незалежнасці Беларусі на фоне спробаў Расіі ўсталяваць кантроль над краінай.
Таксама ў Ціханоўскай запланаваная двухбаковая сустрэча з генсакратаром Савета Еўропы Марыяй Пейчынавіч-Бурыч. Падчас гэтай сустрэчы будуць абмяркоўваваць наступныя крокі па стварэнні кантактнай групы па сувязях з Беларуссю. Як распавядала Еўрарадыё, пра стварэнне гэтай групы было абвешчана на пачатку верасня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.