Святлану Ціханоўскую ўзнагародзілі ў ЗША прэміяй у галіне правоў чалавека

Святлана Ціханоўская на цырымоніі ўручэння прэміі Фонду Лантаса

Святлана Ціханоўская на цырымоніі ўручэння прэміі Фонду Лантаса / @tsikhanouskaya

Святлана Ціханоўская падчас свайго візіту ў ЗША атрымала прэмію Фонду Лантаса ў галіне правоў чалавека. Гэтую ўзнагароду штогод уручаюць у Вашынгтоне. Сёлета ўзнагароду прысудзілі за мужнасць і рашучасць у барацьбе з дыктатурай на постсавецкай прасторы. Яе ўручылі Ціханоўскай і жонцы расійскага палітыка Уладзіміра Кара-Мурзы Яўгеніі.

Пасля атрымання ўзнагароды Святлана Ціханоўская расказала гасцям цырымоніі, што адбываецца ў Беларусі. "Сёння я прымаю гэтую ўзнагароду не за сябе, а за ўсіх тых, хто працягвае змагацца за Беларусь", — сказала яна. Яна казала пра журналістаў, якія вымушаныя былі пакінуць радзіму, але працягваюць "даносіць праўду людзям унутры краіны", а таксама асобна пра Ігара Лосіка з "Радыё Свабода", які перарэзаў сабе вены ў знак пратэсту супраць жорсткасці турэмшчыкаў. Казала пра беларускіх бясстрашных жанчын, такіх, як Марыя Калеснікава, якая адмовілася з'язджаць з Беларусі, і цяпер рэжым яе павольна забівае. Ціханоўская нагадала і пра праваабаронцаў, пра нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, актывістаў, якія апынуліся ў зняволенні.  

Раней лаўрэатамі прэміі Лантаса рабілі Далай-лама, Хілары Клінтан, прэзідэнт Ізраіля (і ўраджэнец беларускага мястэчка Вішнева) Шымон Перэс.

Падчас свайго візіту ў ЗША Ціханоўская ўзяла ўдзел у дэбатах па палітзняволеных, якія прайшлі на палях Генасамблеі ААН. Яна казала пра катастрафічную сітуацыю ў Беларусі, у якую павінна ўмяшацца ААН.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі