Сябра Лукашэнкі чакае суд за сексуальны гвалт — #ІхНоравы

Традыцыйны агляд міжнародных навін — за 30 красавіка 2024 года.

Традыцыйны агляд міжнародных навін — за 30 красавіка 2024 года. / @rubanau_collage

Вы ўжо забылі пра вірус птушынага грыпу? А ён нікуды не падзеўся. Навукоўцы вось высветлілі, што цяпер ён забівае маржоў, вага якіх дасягае 2 тон.

Нікуды не падзеўся і харасмент. Гэтым разам адказваць за свае паводзіны перад судом будзе 75-гадовы Жэрар Дэпардзьё. Усё добра ў нашым аглядзе толькі ў Раналду — ён прадаў адзін са сваіх футбольных клубаў і шукае пакупніка для іншага.

Пра ўсё гэта чытайце ў нашым штодзённым аглядзе сусветных навін.

Раналду прадаў свой першы клуб

Легенда партугальскага футбола Раналду ўпершыню згуляў у “дарослы” футбол у клубе “Крузэйру”. Яго колеры нападнік абараняў у 1993-1994 гадах.

Да нядаўняга часу партугалец валодаў 90% акцый “Крузэйру”. Ён набыў іх у снежні 2021 года за 70 млн долараў, а прадаў за 117 млн долараў уладальніку буйной сеткі супермаркетаў Педра Фігейрэда.

Разам з Раналду “Крузэйру” выйшаў з другога дывізіёна ў вышэйшы. Сезон-2023 клуб завяршыў на 14 месцы ў турнірнай табліцы.

Наступным Раналду плануе прадаць іспанскі “Вальядалід”.

Прызначаная дата суда над Дэпардзьё  

Дзве жанчыны абвінавачваюць 75-гадовага акцёра Жэрара Дэпардзьё, які ў 2015-м годзе махаў касой разам з Лукашэнкам, у сексуальным гвалце.

Крымінальны працэс пачнецца ў кастрычніку. Пра гэта ўжо абвясціла пракуратура Парыжа. Жэрар Дэпардзьё віну адмаўляе. Днямі яго дапыталі ў паліцэйскім участку і адпусцілі.

Сябра Лукашэнкі чакае суд за сексуальны гвалт — #ІхНоравы
Дэпардзьё будзе ў судзе адказваць за сексуальны гвалт

Адна з жанчын — 53-гадовая сцэнографка. З яе словаў, у 2021 годзе акцёр “жорстка схапіў” яе ў калідоры парыжскага асабняка, дзе здымалі фільм Les volets verts (“Зялёныя аканіцы”). Ён абмацаў жанчыну, але іх расцягнулі іншыя ўдзельнікі здымачнага працэсу.

Раней пра падобнае заявіла іншая жанчына — нібыта з ёй такая сітуацыя здарылася ў 2014 годзе.

А ў 2020 годзе актрыса Шарлота Арну прызналася, што ў 2018 Дэпардзьё яе дамагаўся ў сваім парыжскім доме. Дзяўчыне тады было 22 гады, а знакаміты акцёр быў сябрам яе бацькі. Дэпардзьё тады выступаў з адкрытым лістом, які апублікавала Le Figaro. Ён адмаўляў усе абвінавачанні. У прыватнасці, ён напісаў, што сустрэча з Арну адбылася па ўзаемнай згодзе, а СМІ ўчынілі над ім самасуд.

“Ніколі, ніколі я не гвалтаваў жанчыну”, — запэўнівае адзін з самых вядомых акцёраў Францыі.

Маржы мруць ад птушынага грыпу

Навукоўцы зафіксавалі першы выпадак, калі вірус птушынага грыпу забіў сысуноў. Гэта адбылося ў Арктыцы. Ахвярамі сталі маржы.

Вірусам заразіліся таксама сельскагаспадарчыя жывёлы. Распаўсюджванне грыпу зафіксавалі на архіпелагу Шпіцберген у Нарвегіі.

Каля шасці мёртвых маржоў знайшлі яшчэ летась. І вось, даследчыкі прыйшлі да высновы, што забіў іх птушыны грып. Цяпер Сусветная арганізацыя аховы здароўя выказвае “вялізарную занепакоенасць” тым, што грып можа распаўсюдзіцца і на людзей.

Фрэнк Вонг, малекулярны мікрабіёлаг з Аўстралійскай лабараторыі аховы здароўя жывёл CSIRO, тлумачыць, што птушыны грып — па-ранейшаму “вірус, адаптаваны да птушак”. Ён перадаецца між качкамі, гусямі. Спарадычнае заражэнне сысуноў, імаверна, адбылося праз тое, што яны з’елі заражаных мёртвых птушак і жылі калоніямі ў цесным кантакце з іншымі жывёламі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі