Сябраў камісій навучаць, ці пускаць п'яных і што паказваць назіральнікам
Навінка сёлетняй выбарчай кампаніі – навучанне сябраў выбарчых камісій і выканкамаўскіх чыноўнікаў на капм’ютарным трэнажоры. Дзяржаўныя СМІ горда рапартуюць: “Спецыяльна распрацаваная камп’ютарная праграма мадэлюе сітуацыі і рыхтуе спецыяліста да ўсіх этапаў выбарчай кампаніі”.
У тэлесюжэце расказваюць пра адну з такіх сітуацый на выбарчым участку: галасаваць прыходзіць нецвярозы чалавек – ці пускаць яго галасаваць? Але адказу на пастаўленае пытанне ў сюжэце няма.
ЦВК не мае да гэтага ніякага дачынення
Звяртаюся да старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай. Па яе словах, ЦВК для сябраў выбарчых камісій будзе праводзіць адмысловыя навучальныя семінары ў стылі “дзелавой гульні” – знаёміць іх з нормамі выбарчага заканадаўства і тлумачыць гэтыя нормы з дапамогай сваіх метадычных дапаможнікаў. А да навучання на камп’юратных трэнажорах яны… не маюць ніякага дачынення!
“Гэта распрацоўка Акадэміі кіравання пры прэзідэнце. Яны ўзялі заканадаўства, узялі метадычныя тлумачэнні Цэнтральнай камісіі і склалі электронную версію. ЦВК не мае да гэтага ніякага дачынення. І гэтае навучанне будзе ажыццяўляцца нейкім іншым чынам, не праз нас – яны з гэтай нагоды з намі не кансультаваліся”, – кажа Ярмошына.
Дарэчы, яна выдатна ведае адказ на пытанне пра нецвяроза выбаршчыка: бо гэта ж іх, цэнтрвыбаркамаўскі, прыклад.
“Калі гэты чалавек паводзіць сябе адэкватна і не правакуе ніякай скандальнай сітуацыі, то падстаў для адмовы яму ў рэгістрацыі ніякіх няма”.
Што цікава, тэставаць графічную версію тлумачальных метадычак нікога з Цэнтрвыбаркама не запрасілі.
Звяртаюся ў Акадэмію кіравання з просьбай даць журналісту Еўрарадыё прайсці “тэст”на іх трэнажоры. Але… атрымліваю адмову. Маўляў, гэтая праграма выключна для чыноўнікаў з выканкамаў і сяброў выбарчых камісій – тых, хто адказвае за арганізацыю працэсу галасавання.
Прычына адмовы незразумелая: калі праграма – гэта перапрацаваныя метадычкі ЦВК, то сакрэтнага нічога няма – метадычкі вісяць у адкрытым доступе на сайце.
Назіральнікам дазволяць глядзець спісы для галасавання
З нецвярозым выбаршчыкам усё зразумела, чаму ж яшчэ вучаць сяброў камісій? Што рабіць, калі назіральнік патрабуе даць яму нейкую інфармацыю?
Лідзія Ярмошына: “Тут важна патлумачыць, што з’яўляецца перавышэннем правоў назіральніка, а што – не”.
Назіральніка могуць пазбавіць акрэдытацыі за спробу распытаць выбаршчыка, за каго той прагаласаваў. А вось патрабаванне падаць інфармацыю пра выбаршчыкаў, занесеных у спісы для галасавання, і пра колькасць выбаршчыкаў, якія прагаласавалі, цяпер ужо не будзе лічыцца парушэннем: гэтае права замацаванае ў адмысловых інструкцыях ЦВК.
“Па законе ў назіральніка няма права запатрабаваць гэтую інфармацыю, але сёлета ў нас наўпрост указана, што гэтую інфармацыю назіральнікам неабходна прадастаўляць”.
Праўда, назіральнікі не вельмі схільныя заўчасна радавацца.
“Ніколі яшчэ гэтыя спісы назіральнікам не давалі, і калі сёлета будуць даваць – цудоўна! Гэта будзе яшчэ адным сведчаннем таго, што выбары альбо празрыстыя і дэмакратычныя, альбо яны цалкам фальсіфікуюцца”, – кажа каардынатар кампаніі назірання “Права выбару” Дзяніс Садоўскі.
Што ж да навучання сябраў выбарчых камісій на “дзелавых гульнях” ЦВК, то навучаць пакуль… няма каго: участковыя камісіі будуць стварацца пасля 27 ліпеня. Потым месяц іх будуць рыхтаваць – да 26 жніўня. Што будзе з распрацаванай Акадэміяй кіравання камп’ютарнай праграмай невядома. У самой Акадэміі на гэты конт нічога канкрэтнага не кажуць, Лідзія Ярмошына не выключае, што праграму проста раскідаюць па выканкамах, а ўжо там калі захочуць, то будуць з яе дапамогай кагосьці вучыць. А можа, і не..
Фота Змітра Лукашука і Алеся Пілецкага