Сябры “Саюза палякаў” ускладуць кветкі да Катыньскага Крыжа
Такім чынам яны ўшануюць памяць палякаў, загінулых год таму ў авіякатастрофе пад Смаленскам.
10 красавіка ў Гродна пройдзе памінальная імша ў бернардынскім касцёле і мемарыяльныя ўрачыстасці на вайсковых могілках, паведаміла Еўрарадыё выканаўца абавязкаў старшыні “Саюза палякаў” Анжаліка Арэхва.
Ад 1990 году тут усталяваны помнік забітым у Катыні вайскоўцам-выхадцам з Гродзеншчыны. Пасля леташняй трагедыі для гродзенскіх палякаў гэта месца стала ўдвая сімвалічным.
Нагадаем, 10 красавіка 2010 году польскі ўрадавы самалёт разбіўся пры заходзе на пасадку ў аэрапорт Смаленска. Высокапастаўленыя пасажыры ляцелі на ўрачыстасці, прысвечаныя 70-годдзю расстрэлу польскіх афіцэраў у катыньскім лесе.