Сямашка: далей падымаць у Беларусі кошты на бензін ужо немагчыма
Intex-press
Пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка ў інтэрв'ю ТАСС распавёў пра наступствы падатковага манеўру для беларусаў. "У нас у Беларусі манеўр наносіць двайны ўдар — і па нафтаперапрацоўчай галіне, і па бюджэце, — канстатуе Сямашка. — Мы ў бягучым годзе ўжо істотна паднялі кошты на нафтапрадукты на ўнутраным рынку. Але далей рабіць гэта немагчыма.
Па-першае, пакупніцкая здольнасць грамадзян Беларусі не дазваляе гэта зрабіць, а па-другое, у нас і так ужо дыспарытэт коштаў на бензін і дызельнае паліва з Расіяй дзесьці ў памеры 8-10%. Калі гэтая розніца ў коштах стане большай, то паўстане новая праблема масавага ўвозу ў Беларусь з Расіі танных нафтапрадуктаў.
У такім выпадку не давядзецца гаварыць і аб адзіным рынку нафтапрадуктаў Еўразійскага эканамічнага саюза. Якая на гэта будзе рэакцыя ў іншых краінах "пяцёркі", прадказаць не складана".
Па словах дыпламата, Беларусь працягвае разлічваць на кампенсацыю Расіяй наступстваў манеўру. "Яны могуць быць як у выглядзе міжбюджэтных трансфераў, так і ў выглядзе змены формулы кошту нафты, унясення ў яго спецыяльнай зніжкі. Гэта асноўныя магчымыя механізмы, якія абмяркоўваюцца", — дадаў пасол.
У 2019 годзе кошты на паліва змяняліся ў Беларусі 17 разоў. У мінулую нядзелю, 16 чэрвеня, усе віды бензіну і дызельнага паліва раптам не падаражэлі, а патаннелі на 1 капейку.