Сянцоў: "Пуцін хутчэй аддасць Крэмль, чым Крым"
Былы палітвязень, украінскі актывіст Алег Сянцоў не верыць, што Украіна зможа хутка вярнуць страчаныя ў 2014 годзе тэрыторыі. У інтэрв'ю "Бі-Бі-Сі" ён выказаў меркаванне, што "пры ўладзе Уладзіміра Пуціна вяртанне Крыма немагчымае". "Ён хутчэй аддасць Крэмль, чым Крым", — дадае Сянцоў.
Палітвязень, асуджаны расійскім судом на 20 гадоў калоніі строгага рэжыму, вярнуўся ва Украіну ў верасні ў выніку абмену ўжо пры прэзідэнце Уладзіміры Зяленскім. Ён перакананы, што на кантролі Масквы над Крымам заснавана большая частка расійскай унутранай палітыкі. Шмат расіян вераць прапагандзе пра "жахлівы Захад", "нацыстаў ва Украіне", кажа Алег Сянцоў. Але ён спадзяецца, што "рана ці позна" змены ў свядомасці жыхароў Расіі адбудуцца.
Сянцоў прыляцеў у Лондан, дзе яму ўручылі праваабарончую прэмію імя Сяргея Магніцкага. У размове з журналістамі ён сказаў, што працягне барацьбу за вызваленне соцень людзей, якія працягваюць знаходзіцца ў турмах у Расіі і на Данбасе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.