Сяргей Ціханоўскі: завязванне стужак і пагрозы ў сацсетках не дапамагаюць

Сяргей Ціханоўскі: завязванне стужак і пагрозы ў сацсетках не дапамагаюць

Сяргей Ціханоўскі крытычна ацаніў цяперашняе палітычнае станвішча ў Беларусі. Урыўкі з яго ліста публікуе тэлеграм-канал "Краіна для жыцця". 

Каманда Святланы Ціханоўскай, на яго думку, зрабіла шмат. Але да перамогі расслабляцца нельга, бо шмат яшчэ належыць зрабіць.

Разам з тым ён лічыць, што дзеянне забуксавала: "Я думаў, што мы альбо пераможам, альбо прайграем. Але тое, што мы можам затрымацца на сярэдзіне, я не прадугледжваў. Святлана проста вымушаная змагацца. Я гэтага не меркаваў нават у траўні".

Ціханоўскі крытыкуе пратэсную дзейнасць, лічачы яе сёння вельмі слабой. "Спачатку мне пісалі, што засталося зусім крыху. Затым — пару месяцаў. Нядаўна чытаў прагноз, што рэжыму застаўся год. Варыянтаў няма: будзем чакаць, пакуль вы зразумееце, што завязванне стужачак і пагрозы ў сацсетках не дапамагаюць".

Сяргей Ціханоўскі знаходзіцца за кратамі з канца траўня 2020 года. Нядаўна яму выставілі канчатковае абвінавачванне па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса — 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), 130 (распальванне сацыяльнай варожасці), 191 (перашкода працы ЦВК), 342 (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі