Сярод затрыманых у нядзелю — двое журналістаў і адзін Дзед Мароз

Адна з лакальных пратэстных акцый у Мінску / скрыншот відэа
Адна з лакальных пратэстных акцый у Мінску / скрыншот відэа

Праваабаронцам вядомыя прозвішчы 152 чалавек, якія былі затрыманыя ў нядзелю за ўдзел у вулічных акцыях. Затрыманыя ёсць у Гродне, Віцебску, Наваполацку, Салігорску, Смілавічах. Але пераважная большасць апынулася ў мінскіх РУУС.

Валанцёры, якія вядуць сваю статыстыку, паведамляюць аб затрыманні 146 чалавек. 15 пазней былі адпушчаныя з РУУС. Траіх забралі медыкі, паведамляе тэлеграм-канал "Спісы затрыманых".

Праваабаронцы паведамляюць аб некалькіх выпадках, калі ў РУУС апынуліся 15-гадовыя падлеткі. Непаўналетніх пазней адпусцілі.

ГУУС, у сваю чаргу напярэдадні вечарам паведаміла, што ў Мінску 20 снежня за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах затрыманыя каля 100 чалавек.

У Гродна напярэдадні затрымалі і адпусцілі журналістаў Марыю Харэвіч і Алену Кавальчук. Паведамляецца, што людзі ў цывільным уварваліся ў пакой, дзе яны працавалі. Пазней  дзяўчат вызвалілі.

У Наваполацку пасля дзіцячага свята ля елкі на плошчы Будаўнікоў быў затрыманы Дзед Мароз, паведамляе TUT.BY. Гэта мясцовы жыхар  Уладзімір, які ў будні працуе на мясцовай ЦЭЦ, а ў пераднавагоднія дні пераапранаецца ў Дзеда Мароза. Яго затрымалі не на ёлцы, а крыху пазней — на выхадзе з прадуктовага магазіна і даставілі ў Наваполацкае ГАУС.

Там у мужчыны, па яго словах, спыталі, ці крычаў ён лозунгі, і праверылі, ці ўдзельнічаў у пратэстных акцыях.

"Я ў іх удзелу не прымаў. Сваю пазіцыю па таму, што адбываецца, я ім таксама выказаў — мацерным словам. Яны на гэта адказалі: "Ну, вы ж ведаеце, у якой дзяржаве мы жывем", — распавёў мужчына.

На пытанне, ці былі ў елкі людзі з БЧБ-сцягамі, ён паведаміў супрацоўнікам міліцыі, што адзін дзядуля хадзіў, але "з чым ён ходзіць — яго асабістая справа", дадае Ўладзімір. Сітуацыю, у якую ён трапіў, апісвае адным словам — маразм.

Сярод затрыманых на елцы ў Наваполацку быў і кандыдат гістарычных навук, дацэнт Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Віктар Якубаў. Ён быў там з жонкай і дзецьмі. Пазней Якубаў ператэлефанаваў жонцы з міліцыі і сказаў, што яго затрымліваюць за нібыта ўдзел у ранішнім ланцугу салідарнасці. "Толькі мы не ўдзельнічалі ў ім. Мы былі дома", распавяла журналістам жанчына.

Напярэдадні ў Менску і рэгіёнах прайшоў традыцыйны нядзельны Марш, які ў гэты раз насіў назву Марш народнага трыбунала. Адзінага выступу не было, людзі, як і ў мінулыя выходныя, збіраліся ў сваіх мікрараёнах і калонамі ішлі па дварах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі