Сын Макея раскрытыкаваў скандальную заяву МЗС
Віталь Макей / МЗС Беларусі
Старэйшы сын міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея Віталь Макей адрэагаваў на заяву МЗС, зробленую 26 сакавіка. Нагадваем, у сваім каментары МЗС прапанаваў беларускае грамадзянства амерыканскаму амбасадару і прапанаваў падзяліць Аляску. Гэтая заява выклікала бурную крытыку ў сацыяльных сетках.
Выказаўся па тэме і сын міністра, які раней сам працаваў у сістэме МЗС.
— Працуючы раней у Міністэрстве замежных спраў Беларусі, заўсёды ганарыўся, што належу да супольнасці прафесіяналаў, — піша Віталь Макей у LinkedIn. — Мноства разоў пераконваўся ў тым, што інтэлект, адукаванасць, культура і эрудыяванасць нашых дыпламатаў — гэта не клішэ, а рэальныя якасці людзей, якія працуюць на карысць краіны.
Па словах сына Макея, "тым больш сумна назіраць шэраг публічных заяваў МЗС за апошні час, у тым ліку і цяперашні каментар".
"Знарочыста хамаватая ўдаласць ніколі не заменіць аргументацыю і стыль. Наадварот: яшчэ мацней падкрэсліць пасрэднасць", — упэўнены ён.
Віталь Макей прызнаўся, што яму сорамна, што яго былыя калегі, да многіх з якіх ён адчувае сяброўскія пачуцці, вымушаныя мірыцца з сітуацыяй, якая склалася. Ён выказаў надзею, што прафесіяналы захавалі свае веды, вопыт, навыкі і маральныя арыенціры.
Сын кіраўніка МЗС звольніўся з міністэрства ў верасні. Апошняй яго пасадай быў пост намесніка начальніка ўпраўлення эканамічнага супрацоўніцтва і ўстойлівага развіцця ў Галоўным упраўленні шматбаковай дыпламатыі. Да гэтага ён працаваў у прадстаўніцтве Беларусі пры ААН. Цяпер, мяркуючы па ўсім, Віталь Макей працуе кансультантам у буйной IT-кампаніі.
Акрамя Віталя Макея, пасля выбараў з МЗС звольніўся шэраг вопытных дыпламатаў, у тым ліку некалькі дзеючых амбасадараў. Зрабілі яны гэта ў знак пратэсту супраць грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.