Сёння адзначае дзень нараджэння палітвязень Мікалай Аўтуховіч
Вядомаму актывісту, прадпрымальніку, ветэрану афганскай вайны спаўняецца 51 год.
Свой дзень нараджэння палітвязень у чарговы раз сустракае ў гродзенскай турме №1, адзначае БелаПАН.
Аўтуховіч нарадзіўся 7 студзеня 1963 года ў Ваўкавыску на Гродзеншчыне. За ахову моста пад Кандагарам і ўдзел у іншых аперацыях у Афганістане ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, двума медалямі — "За адвагу" і "За баявыя заслугі". Звольніўшыся з войска ў 1991 годзе, стаў займацца бізнэсам у родным горадзе.
Першы раз Аўтуховіча арыштавалі ў кастрычніку 2005 года, абвінаваціўшы ў нявыплаце падаткаў. Тады яго асудзілі на тры з паловай года. Ён быў адным з шасці палітвязняў, вызваленых у выніку санкцый ЗША і Еўрасаюза.
Другі раз Аўтуховіча арыштавалі 8 лютага 2009 года. За перавозку і захоўванне пяці патронаў да паляўнічай вінтоўкі Вярхоўны суд прызнаў яго вінаватым у незаконных дзеяннях з боепрыпасамі і прысудзіў да пяці гадоў двух месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму.
Праваабаронцы прызналі Аўтуховіча палітвязнем, асуджаным за актыўную грамадскую дзейнасць і барацьбу з карупцыяй. Выйсці на волю ён павінен сёлета ў красавіку.
Фота — bymedia.net