"Талаковы эфір": як сабраць 10 тысяч рублёў на браму ў “таямнічую Ельню”
Ельня — унікальнае месца для Беларусі, месца медытацыі і месца сілы. Балоты тут чаргуюцца з азёрамі, паўсюль раскіданыя невялічкія выспы, на якіх растуць елкі і бярозы. На тэрыторыі заказніка “Ельня” гняздуюцца 23 віды птушак, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі.
А вось абсталяваных, ахоўваемых і пастаянна абнаўляемых стаянак для турыстаў і кемпераў побач са знакамітым беларускім балотам няма. Дзяніс Лагун прапануе рашэнне: стварыць утульную кемпінг-прастору для цывілізаванага адпачынку на беразе возера Волазева ў паўднёвай частцы Ельні, у вёсцы Буды.
10 тысяч рублёў, патрэбных на гэтую справу, Дзяніс хоча сабраць краўдфандынгам на сайце “Талака”. Але кампанія ідзе марудна, зараз сабрана толькі 11% ад патрэбнай сумы. Чаму? Асаблівасці гэтай краўд-кампаніі мы абмяркоўваем з Дзянісам Лагуном у сённяшнім “Талаковым эфіры”.