Тамара Мацкевіч: яшчэ не нарадзіўся той ваенрук і поп, які здольны прамыць мазгі

Тамара Мацкевіч: яшчэ не нарадзіўся той ваенрук і поп, які здольны прамыць мазгі

Ад настаўнікаў, якія не згодныя з тым, што адбываецца ў краіне і ў сістэме адукацыі ў прыватнасці, даўно пазбавіліся. Затое вырашылі вярнуць у школы ваенрукоў і адчыніць дзверы для святароў з праваслаўнай царквы. Перапісалі пад надзённыя патрэбы падручнік па гісторыі Беларусі і — ліквідавалі Таварыства беларускай школы. 

Як дзеці і настаўнікі рэагуюць на змены ў школе, на новыя падручнікі і пра сістэму адукацыі расказала ў эфіры Еўрарадыё 22 верасня намесніца старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч.

— Я паглядзела першага верасня, пагартала старонкі настаўнікаў. Паглядзела, як выглядаюць гэтыя дзеці, асабліва ў старэйшых класах, асабліва тых, на якіх разлічаны падручнік новай гісторыі 11 класа. Ведаеце, яны выглядаюць свабоднымі, еўрапейскімі людзьмі. Яшчэ не нарадзіўся той ваенрук і поп, які здольны прамыць ім мазгі. 

Мы жывём пакуль што не ў закрытай краіне. Мы не Куба, мы не Паўночная Карэя. У нас ёсць інтэрнет, у нас ёсць з'ява паралельнай школы, у нас ёсць моцная грамадзянская супольнасць. Дзеці вучацца ў школе, дзеці па-за школай з тымі ж настаўнікамі атрымліваюць нармальныя веды, на курсах, самастойна, дыстанцыйна. Праз рэпетытарства. 

Яны сучасныя, прагрэс не спыніць “аць-два левай”. Яны толькі, наадварот, узмацняюць іх веру ў тое, што трэба самастойна вучыцца. Яны больш самастойнымі стануць. Я не ведаю сярод гісторыкаў тых людзей, якія б прыйшлі і сур'ёзна сталі вось гэта дзецям пераказваць. Ёсць тысячы спосабаў, як працаваць з падручнікам. Вазьміце гэту крыніцу і параўнайце з іншай. 

— Яшчэ я як выкладала фізіку, у жыцці не адкрывала падручнікі Сачанкавай. Гэта мая выкладчыца ўніверсітэцкая. Таму я гэты падручнік пагартала і паклала. Гэта быў чалавек, які выстаўляў нам адзнакі за тое, як мы апранутыя. А не якія ў нас веды. 

Ён не канкурэнтны, гэты падручнік, я ўжо не кажу, што ён напісаны дзеля таго, каб ўсякую ахвоту вучыцца адбіць. А тое, што ёсць у інтэрнэце, можна паказаць відэа, анімацыю. Можна на пальцах паказаць, узяць які прыбор, ксеракс паказаць, растлумачыць квантавую фізіку. І гэта будзе цікава, пад канспект даць пару формул. І гэтым карыстаецца большасць настаўнікаў, маюць уласную праграму, уласнае бачанне. А гэта — паперкі.

На думку Мацкевіч, цяпер наступіў сур'ёзны момант для грамадства. Многія дзеці беларусаў з'ехалі за мяжу. Час паказаць, ці зможа беларускае грамадства самаарганізавацца і зрабіць годныя інстытуты адукацыі, як гэта зроблена ў многіх іншых краінах.

— Нас ліквідавалі як фармальныя грамадскія арганізацыі. Мы паглядзім цяпер, чаго вартае наша грамадства. Ці здолеем мы аб'яднацца і зрабіць адну анлайн-школу для беларускіх дзяцей. Так, як зрабілі літоўцы, як зрабілі ўкраінцы. Літоўцы, у іх эміграцыя пачалася раней, і дзяржава, каб не згубіць грамадзян, для дзяцей зрабіла школы. Ёсць у рэгіёнах школы, у якіх 50 адсоткаў вучыліся анлайн. 

І яны канчалі гэтыя школы, атрымлівалі атэстат і маглі вярнуцца ў сваю краіну, паступіць ва ўніверсітэт і вучыцца. У сувязі з Данбасам зрабіла тое самае і Украіна. 

Я думаю, што прыйшоў час рабіць тое самае і беларусам. Літоўцы для сваіх эмігрантаў, Грузіны для сваіх, украінцы для сваіх. А мы гэтага не можам. Хто будзе вінаваты? Гэта не справа Таварыства беларускай школы. Гэта справа грамадства. 

Прычым у гэтай школе могуць вучыцца як тыя дзеткі, якія з'ехалі, так і тыя, што засталiся. Нам трэба рабіць альтэрнатыўную школу. Зараз усё роўна ўся адукацыя выходзіць у анлайн. І таму мы паглядзім, наколькі наша грамадства спелае, усе кажам: усе мы сталі нацыяй, народам. Вось зараз і паглядзім — зробім мы штосьці карыснае, нейкі крок, ці не.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі