"Таму што не перахварэлі ў першую хвалю" — Лукашэнка пра COVID у Магілёве
Аляксандр Лукашэнка ў абласной клінічнай бальніцы Магілёва / @pul_1
Размову пра сітуацыю з COVID-19 у Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў аўторак працягнуў у Магілёве. Ён прыехаў у абласную клінічную бальніцу, прычым прыбыў туды не на верталёце, а на аўтамабілі, падкрэслівае набліжаны да яго адміністрацыі тэлеграм-канал "Пул Першага".
"Ехаў і думаў, якая прыгожая ў нас краіна!" — цытуе Лукашэнку гэты тэлеграм-канал.
У бальніцы Лукашэнка пераапрануўся ў ахоўны касцюм. У Магілёўскай абласной клініцы ляжаць у тым ліку пацыенты з каранавіруснай інфекцыяй. Рэгіён, паводле ацэнкі Лукашэнкі, знаходзіцца "пасярэдзіне" па колькасці тых, хто захварэў.
"На сённяшні дзень асаблівасць у тым, што паўднёвыя вобласці нармальна сябе адчуваюць. А Магілёўская вобласць — пасярэдзіне. Вышэй, чым паўднёвыя вобласці, таму што яна не перахварэла ў першую хвалю", — патлумачыў ён.
Напярэдадні кіраўнік дзяржавы ўжо наведваў 4-ю і 6-ю мінскія бальніцы, ездзіў у Віцебскі абласны радзільны дом і Стаўбцоўскую райбальніцу: глядзеў, як аказваюць дапамогу хворым COVID-19 і размаўляў з пацыентамі. Напярэдадні ў 4-й клініцы Мінска ён напаіў вадой пажылую пацыентку і прапанаваў ператэлефанаваць яму, калі яна выйдзе з бальніцы. Падчас гэтай паездкі ён таксама не выключыў з'яўленне беларускай вакцыны ад каранавіруса.
У Магілёве Лукашэнка таксама зайшоў адведаць пацыентаў. "Так і ведаў, што тут нашы дзяўчаты", — сказаў ён.
Тым часам штосутачны прырост новых выпадкаў каранавіруса па-ранейшаму фіксуецца на ўзроўні 1800-1900 новых выпадкаў. Напярэдадні Міністэрства аховы здароўя паведамляла, што паводле дадзеных на 14 снежня выяўленыя 1853 новыя пацыенты з COVID-19. Усяго з пачатку пандэміі ў Беларусі былі зарэгістраваныя 162 148 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19, памерлі 1273 пацыенты з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.