Тавары беларускай вытворчасці за мяжой патаннелі на 30%

А для беларусаў падаражэлі на 15% Пра тое, што беларускія тавары экспартуюцца па значна ніжэйшым цэнам, чым прадаюцца ўнутры краіны, кажа эканаміст Леанід Заіка.

Леанід Заіка: "Кошты на экспартныя беларускія тавары знізіліся на 30% у параўнанні з мінулым годам. У той жа час тыя ж самыя тавары ўнутры краіны сталі на 15% даражэй. Што гэта за кіраўніцтва дзяржавы, што гэта за эканоміка такая?"

Эканаміст тлумачыць гэтую сітуацыю вельмі проста: кажа, што ў краіне ажыццяўляецца эканамічная палітыка, накіраваная на спусташэнне простага чалавека.

Такая палітыка прыводзіць да таго, што спачатку спыняюцца прадпрыемствы і дырэктары бягуць за грашыма ў банк. 80% заробку зараз выплачваецца ўкладамі насельніцтва, якія ляжаць у банках. Гэтыя грошы аддаюцца стратным прадпрыемствам і неэфектыўным працаўнікам, якія забілі ўсе склады прадукцыяй. У банках непазбежна сканчаецца наяўнасць, і ўключаецца друкавальны станок. У выніку — інфляцыя.

На думку спадара Заікі, ёсць і іншы шлях: змяніць урад на больш малады, які пачне праводзіць прынцыпова новую эканамічную палітыку.

Вельмі маляўніча апісаў сітуацыю у беларускай эканоміцы эканаміст Яраслаў Раманчук.

Яраслаў Раманчук: "Сітуацыя выглядае, як прырода перад бурай. Цёмныя аблокі на небе беларускай эканомікі згушчаюцца. У чацвёртым квартале трэба аддаваць кароткатэрміновыя даўгі — перакрэдытавацца. Невядома, хто будзе крэдытаваць Беларусь — ці то Крэмль, ці то МВФ. Таму нас чакаюць вельмі цікавыя месяцы 2009 года і пагаршэнне сітуацыі ў 2010 годзе".

Розніцу коштаў па таварах на экспарт і на ўнутраны рынак эканаміст Яраслаў Раманчук назваў перакрыжаваным субсідаваннем. Яно робіцца, каб атрымаць хоць некаторую валютную выручку. Фактычна гэта дэмпінг. І вось ужо Расія пачынае казаць пра несправядлівую канкурэнцыю па цукру. Казахстан пачынае адварочваць нос, таму што гэта і ім не падабаецца. Тут трэба разумець, што мы выцягваем грошы з беларускіх пакупнікоў і датуем пакупнікоў Расіі, Казахстана ці Ўкраіны. Гэта вельмі дрэнна, бо нас саміх ніхто не крэдытуе, заўважае спадар Раманчук.

Яраслаў Раманчук: "Гэта мера (перакрыжаванае субсідаванне. — ЕРБ), якая можа толькі на пару месяцаў залатаць дзіркі. Павышаць унутраныя цэны ўжо няма куды, таму што шмат з іх ужо і так на 20-50 адсоткаў вышэй за сусветныя кошты".

Фота - http://photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі