Тайбаксёрка Ляшкевіч: Як стала чэмпіёнкай свету, знялі прэзідэнцкую стыпендыю
Беларускую зорку муай-тай Алёну Ляшкевіч лёгка пераблытаць з мастацкай гімнасткай. Цяжка паверыць, што гэтая дзяўчына, калі выходзіць у рынг, пераўтвараецца ў высокакласнага і агрэсіўнага байца.
16 снежня ў Ганконгу Ляшкевіч заваявала пояс Інтэркантынентальнай чэмпіёнкі сярод прафесіяналаў па версіі IPCC.
“Бой з Гандзі Ву павінен быў адбыцца ў вагавой катэгорыі 48 кг. Па прыездзе ў Ганконг аказалася, што трэба змагацца ў іншай вазе і за дзень скінуць чатыры кілаграмы”, — распавядае Алёна Ляшкевіч у студыі Еўрарадыё.
Еўрарадыё: Для вас гэта праблема?
Алёна Ляшкевіч: Перад выездам былі святы, пайшла на Дзень нараджэння. Я наўмысна ела, каб быць 49 кг і не важыць менш, чым саперніца. Звычайна перад спаборніцтвамі 4 кілаграмы я не ганяю нават за месяц. Такім чынам, у Ганконгу два дні мяне ўвогуле не кармілі, далі толькі бутэлечку вады і лімон.
Еўрарадыё: Што адбывалася на рынгу?
Алёна Ляшкевіч: Мяне шчыра папярэдзілі, калі не перамагу відавочна, то пояс мне не аддадуць. Я разумела, што мне трэба прынамсі нанесці саперніцы рассячэнне. У мяне гэта атрымалася. У першым раўндзе левым локцем на сайдстэпе нанесла Гандзі Ву глыбокую і вялікую сечку пад вокам. Крыві было шмат. І гледачы ўбачылі маю перавагу.
Еўрарадыё: Як вашу перамогу ўспрыняла аўдыторыя?
Алёна Ляшкевіч: Было вельмі шмат людзей, вельмі. Калі Гандзі Ву выходзіла на рынг, арэна шалела – крычалі, свісталі, пішчалі. Але перамагла я. І калі сыходзіла з рынгу, гледачы мне апладзіравалі, уставалі з месцаў, прасоўвалі рукі, каб да іх дакранулася. Я была здзіўленая такому культурнаму стаўленню.
“Цяпер я працую за 400 рублёў у месяц”
Еўрарадыё: Год для вас выдаўся вельмі паспяховым. У траўні перамаглі на чэмпіянаце свету па муай-тай у Швецыі. На тым жа турніры золата заваяваў Віталь Гуркоў. Восенню вы заваявалі золата на чэмпіянаце Еўропы. Якія прэміі за ўсё гэта вам выплаціла дзяржава?
Алёна Ляшкевіч: Калі шчыра, мне не заплацілі ні за свет, ні за Еўропу.
Еўрарадыё: Як так? Вы ж перамаглі ў фінале чэмпіянату свету моцную тайку Суфісару Канфлак. За золата на чэмпіянаце свету мужчыны атрымлівалі прэмію ў 5300 рублёў. За першае месца на чэмпіянаце Еўропы — 3500.
Алёна Ляшкевіч: Паводле нашых законаў, трэба было, каб у маёй вазе на чэмпіянатах было не менш за восем байцоў. У мяне было шэсць чалавек. Вось з-за гэтага прэміі я не атрымала. Хоць з-за чэмпіянату Еўропы не паехала ў вясельнае падарожжа. Была дома, рыхтавалася. Давялося нямала патраціць на харчаванне, вітаміны і гэтак далей.
Еўрарадыё: Нам вядома, што чэмпіён свету ў складзе зборнай Беларусі зарабляе ў месяц 1350 рублёў. 450 — гэта стаўка ў Мінспорту. 800 — прэзідэнцкая стыпендыя.
Алёна Ляшкевіч: Раней я стаяла на стыпендыі прэзідэнцкага спартыўнага клуба. І вось што атрымалася: якраз калі я перамагла на ўсіх чэмпіянатах, мяне з гэтай стыпендыі знялі.
Еўрарадыё: Вы не жартуеце?
Алёна Ляшкевіч: Не, вось так атрымалася. Цяпер я працую за 400 рублёў у месяц у спартыўнай камандзе ўнутраных войскаў МУС Беларусі.
“Аддаць дачку ў тайскі бокс? Не! Гэта ж будзе маё дзіця, мая крывінка. Можна аддаць у танцы ці песенькі спяваць”
Еўрарадыё: Вас лёгка пераблытаць з гімнасткай. Як атрымалася, што трапілі ў жорсткі муай-тай?
Алёна Ляшкевіч: У Асіповічах шмат хто з маіх знаёмых хадзіў на трэніроўкі. І я вырашыла таксама паспрабаваць. Першыя спаборніцтвы былі чэмпіянатам Беларусі па ушу-саньда. У маёй вагавой катэгорыі нікога не было, давялося змагацца з больш цяжкімі саперніцамі. Як цяпер памятаю: іду на татамі, бачу там дзяўчынку, якая большая за мяне на некалькі вагавых катэгорый. Разварочваюся назад, а трэнер, Сяргей Аляксандравіч Гідулян, кажа: “Стаяць, куды! Ідзі на бой!”. Тады я перамагла — і панеслася.
Еўрарадыё: Прыехалі з прафесійнага бою, а ў вас толькі маленькая драпінка пад вокам. Ці здараліся цягам кар’еры сур’ёзныя траўмы?
Алёна Ляшкевіч: Некалькі гадоў таму на чэмпіянаце Еўропы ў мяне быў пералом вачніцы. Прапусціла ўдар локцем з развароту. Пры гэтым перамагала, але расслабілася, не чакала што саперніца зможа так ударыць. Усё гэта зажывала вельмі доўга. Нельга было рабіць рэзкіх рухаў, нават на скакалцы скакаць.
Еўрарадыё: Раней вы рабілі заявы, што завяжаце з муай-тай пасля золата на чэмпіянаце свету.
Алёна Ляшкевіч: Пакуль я гэтага рабіць не збіраюся. Спорт займае амаль увесь час. Але вельмі хачу паспрабаваць сябе ў танцах.
Еўрарадыё: Раней у інтэрв’ю вы казалі, што марыце пра дзяцей. Ці сталі б аддаваць іх у тайскі бокс?
Алёна Ляшкевіч: Калі б у мяне бы сын, то так.
Еўрарадыё: А дачку? Вы ж самі жанчына і чэмпіёнка свету.
Алёна Ляшкевіч: Каб для сябе пазаймацца, так. Але каб выступаць прафесійна, не. Шкада. Гэта ж будзе маё дзіця, мая крывінка. Можна аддаць у танцы ці песенькі спяваць. Гімнастыка, можа быць, але не тайскі бокс.
Еўрарадыё: Муай-тай атрымаў афіцыйнае прызнанне Міжнароднага алімпійскага камітэта. А тут і чэмпіянат планеты адбудзецца ў Мінску, з 3 па 12 траўня. Будзеце там выступаць з тым заробкам, які сёння ў вас ёсць?
Алёна Ляшкевіч: Я буду выступаць, бо спадзяюся, што муай-тай увядуць у праграму Алімпіяды. Канкрэтна мне здаецца, што муай-тай больш папулярны, чым, напрыклад, таэквандо, якое у алімпійскую праграму ўваходзіць. Паводле маіх назіранняў, муай-тай у Беларусі больш папулярны від спорту, чым той жа алімпійскі бокс. Спадзяюся, што наша арэна падчас чэмпіянату свету па муай-тай будзе запоўненая.