Алег Трусаў: Без фінансавай дапамогі грамадства ТБМ не выжыве
Грамадская арганізацыя не ў стане плаціць амаль 10 мільёнаў рублёў штомесяц.
Ад 1 красавіка арэндная плата для Таварыства беларускай мовы, як і для іншых арандатараў, павысілася на 60%. Сакратарыят ТБМ звярнуўся да прыхільнікаў роднай мовы з просьбай аб дапамозе. ТБМ адзначае, што акрамя арэнды мусіць аплочваць яшчэ камунальныя плацяжы, плаціць за тэлефон і г.д.
"Калі пяць тысяч прыхільнікаў роднай мовы ахвяруюць штомесяц усяго дзве тысячы рублёў, наша арганізацыя не загіне і ў каторы раз прадэманструе сённяшняй уладзе сваю годнасць. Імёны асобаў, якія ахвяруюць пасільныя сродкі на падтрымку дзейнасці ТБМ, будуць надрукаваныя ў газеце "Наша слова", што стане гістарычным сведчаннем змагання грамадзян за права "людзьмі звацца", — гаворыцца ў звароце.
Рахунак ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" №3015741233011 ў аддзяленні №539 ААТ "Белінвестбанка", код 739.
Вось як пракаментаваў сітуацыю Еўрарадыё старшыня ТБМ Алег Трусаў:
"Адна справа калі мы плацілі за арэнду 5 мільёнаў, другая справа, калі заплацілі ў гэтым месяцы 10 мільёнаў. Плюс 2 мільёны — камунальныя паслугі. Таму мы і звярнуліся. Без дапамогі мы ж існаваць не зможам... Мы ж не камерцыйная арганізацыя, жывем толькі са складак сяброў і ахвяраванняў, дапамогі простых грамадзян Беларусі і не толькі нашай краіны. За кошт людзей, якія любяць беларускую мову, гісторыю і культуру".
Па словах Трусава, упершыню падобная сітуацыя з ТБМ здарылася ў 2008 годзе, але тады ўдалося вытрымаць гэтыя цяжкасці.