Тэлепорт у Чэхію запушчаны: вечарына ў амбасадзе

25 чэрвеня ў Чэшскай амбасадзе быў запушчаны трэці тэлепорт Еўрарадыё. Пераможцы атрымалі свае падарункі, папілі сапраўднага чэшскага піва і проста файна адпачылі пад музыку дыджэя Kendoo.
Еўрарадыё ў сваю чаргу асабіста пазнаёмілася з новымі тэлепратанаўтамі і яшчэ раз упэўнілася: удзельнікі нашых конкурсаў — файны і тэмны народ! Сярод гасцей былі і пастаянныя ўдзельнікі тэлепортаў. Акрамя магчымасці паехаць ў Еўропу, нашыя конкурсы ствараюць нагоду падняць сабе настрой на працы і пасябраваць з калектывам.



Пастаянная ўдзельніца тэлепортаў: “У адзін з дзён заходзіць да нас у пакой Алена і кажа, што зноў перамагла (Алена — пераможца мінулых “літоўскіх” тыдняў — Еўрарадыё). А ў наступны дзень мы бачым на сайце імя яшчэ адной нашай сяброўкі. Падыходзім да яе, кажам, што яна таксама пераможца, а яна нам нават не паверыла”.



Еўрарадыё верыць, што віза — не адзіная прычына, праз якую людзі актыўна ўдзельнічалі ў чэшскім тэлепорце. Галоўная мэта праекта была паглядзець на Чэхію новымі вачыма. І, здаецца, наша мэта дасягнута.

Аляксандра:  “Я ўвогуле амаль нічога не ведала з таго, што было ў рэпартажах. Я была ў Чэхіі, але на экскурсіі звычайнай. Папіла піва і ўсё такое. Але такога пра Чэхію не ведала".



Вельмі прыемна сярод пераможцаў бачыць добрых знаёмых. У чацвёрты дзень тэлепорту перамог вядомы беларускі музыка Паша  (Pavel Ambiont). Своеасаблівым кампліментам стала тое, што Паша ніколі не ўдзельнічае ў конкурсах. Мы сталі выключэннем.



Паша: “Спачатку я ўбачыў на сайце інфу, але думак паўдзельнічаць не было. Я ніколі ў конкурсах не браў удзелу. А потым сябар сказаў, маўляў, не лянуйся, адказвай на пытанні. І вось: я — адзін з пераможцаў”.



Кожны удзельнік “Тэлепорта ў Чэхію” знайшоў там “сваю” тэму. Пераможцу шостага дня Андрусю, напрыклад, бліжэй за ўсё была інфармацыя пра ўніверсітэцкае жыццё:

“Паколькі ў перспектывах збіраюся паехаць куды-небудзь, у Чэхію, напрыклад, было цікава паўдзельнічаць у вашым конкурсе. Асабліва спадабаўся рэпартаж пра ўніверсітэты і ўвогуле пра жыццё ў Празе”.



А Аляксандру прывабіў матэрыял “Раз на тыдзень чэшскія жабракі пераўтвараюцца ў “пнёў” і “козачак”.

Аляксандра: “Больш за ўсё ўразіў матэрыял пра тэатр бамжоў. Ніколі б не падумала, што такое можа дзесьці адбывацца”.



Прыемна і тое, што “Тэлепорт у Чэхію” ацанілі афіцыйныя асобы з Чэшскай амбасады. Галоўны плюс — гэта тое, што Еўрарадыё і амбасада аднолькава ўбачылі мэту праекта: паказаць нацыянальны каларыт і нетурыстычную Чэхію.



Марцін Чэх, першы сакратар Чэшскай амбасады ў Мінску: “Нам гэты праект падабаецца, таму што вашыя слухачы могуць даведацца нешта асаблівае пра Чэхію. Калі людзі едуць у кароткае турыстычнае падарожжа, яны бачаць, што адбываецца на вуліцах, што прадаецца у крамах, але яны нічога не даведваюцца пра жыццё людзей, пра палітычны і культурніцкі клімат у краіне”.



Еўрарадыё: "Навошта ты ўдзельнічаў у праекце?"

Андрусь: "Каб проста ўгарэць". (смяецца)

















Фота: Зміцер Тарасенка

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі