The Tiger Lillies у Мінску зладзілі аўкцыён

Гурт The Tiger Lillies, які амаль штовечар грае ў пабе ці клубе якой-небудзь краіны, прыехаў пайграць і ў мінскі “Рэактар”. Гэтую падзею прамоўтар і “прывозчык” “Лілей” Папа Бо назваў “пірам падчас чумы” і, вядома, меў рацыю: мінскія фрыкі і прасунуты люд забыліся на цукар, грэчку, долар і алей і выбудавалі агромністую чаргу ў клуб, з-за чаго канцэрт спазніўся амаль на гадзіну. І ніхто на гэта не звярнуў увагі!

“Рэактар” патанаў у гулу і танцах прыгожых людзей, ад выгляду якіх рабілася радасна: фрыкаў ў Мінску больш, чым “гламураў”! На пытанне Еўрарадыё, як выглядае аматар The Tiger Lillies, яскравая шлюбная пара, якая марыла трапіць на канцэрт гурта ў Англіі, адказала безапеляцыйна: мае касу і чырвоны капялюш.

Шлюбная пара: “Чалавек, які слухае The Tiger Lillies, павінен быць з касой, вялікай і доўгай, мець добры глыбокі голас і чырвоны капялюш. У нас было вялікае жаданне трапіць калі-небудзь у Англію і там, безумоўна, трапіць у паб на іх канцэрт. І ўжо дакладна мы ніяк не думалі, што яны прыедуць у Мінск. Убачылі аб’яву выпадкова, абрадаваліся і набылі квіткі”.

Згодна са словамі пары, беларускі менталітэт дастаткова супастаўны з фрык-мастацтвам, і прыклад гэтаму — адна агульная хваля пазітыву, якая ўз’яднала мінскіх фрыкаў і аматараў мастацтва The Tiger Lillies.

Дзяўчына Polly патлумачыла Еўрарадыё фрыкавую сутнасць прысутных.

Polly: “Гэта жаданне раскрыць сябе праз знешні вобраз. Плюс, адпаведна, спецыфічныя месцы, падзеі, на якіх можна сабе гэта дазволіць. Плюс яшчэ мае значэнне тое, што большасць людзей большую частку часу вымушаны прытрымлівацца нейкага дрэскоду, нейкіх пэўных паводзінаў, таму ўнутранае жаданне нарастае. То бок гэта выплеск нечага ўнутранага, цікавага, таго, што назапасілася, якое зараз знаходзіць спосаб выйсці вонкі”.

Ідэю ўнутранай свабоды фрыкаў падтрымлівае і кіраўнік студыі “Осмас” Павел Юрцэвіч.

Павел Юрцэвіч: “Трэба быць абсалютна свабодным унутры. Тое, што тут называецца панкам, там называецца фрыкам. Я сябе лічу панкам, то бок, я вольны ў душы, я дазваляю сабе рабіць шмат чаго, таму я лічу сябе фрыкам у іх разуменні. У нашым разуменні панкам”.

Выступ The Tiger Lillies склалі песні з новага тэатральнага праекту вакаліста Марціна Жака, які музыкі плануюць паказаць увосень у Вене, а таксама добравядомыя хіты гурта. На сцэне панаваў дух эксцэнтрыкі і эклектыкі, пахла Томам Уэйтсам, вулічнымі музыкамі, французскім шансонам, кабарэ, дзіцячым садком і турмой. Бубнач калаціў у дзіцячыя барабаны цацачным малатком і сякерай, кантрабасіст граў на тэрмінвоксе і мяўкаў, як кот, а Марцін Жак спяваў дурнымі і прыемнымі галасамі, граў на французскім гармоніку, вялікай укулеле і фартэпіяна. Адзінае, неставала бягучага радка з перакладам тэкстаў для тых, хто не валодае ангельскай. Гэта і меў на ўвазе панк і кіраўнік студыі “Осмас” Павел Юрцэвіч.

Павел Юрцэвіч: “Безумоўна, гэта велізарная падзея. Вядома, ёсць свае мінусы нават зараз, не кажучы пра працу клуба, а пра працу канцэрта. Але ў наступны канцэрт, які, я веру, адбудзецца, усё гэта будзе выпраўлена”.

Выступ “Тыгровых лілей” скончыўся абсалютна нечакана, музыкі проста прадставілі адзін аднаго на заканчэнні адной з песень, падзякавалі публіцы і сышлі. Ніхто нават не паспеў на гэта адрэагаваць — як музыкі з’явіліся зноў. Але каб паставіць аўтографы на піяніна, на якім гралі падчас канцэрту. Арганізатар выступу Аляксандр “Папа Бо” Багданаў прапанаваў наведвальнікам набыць гэты, ужо рарытэтны, інструмент “з малатка”. Стартавы кошт у 100 долараў літаральна за пару хвілін узняўся да 950. У выніку піяніна набыў Зміцер для свайго 11-гадовага сына, які ведае і любіць усе песні The Tiger Lillies і які таксама прысутнічаў на канцэрце. Пасля гэтай падзеі музыкі выйшлі “на біс” і адыгралі яшчэ парачку сваіх хітоў.

Дзякуй табе, дарагі Папа Бо!

Фота: Цімафей Скібенка

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі