Times: Кожны шосты расіянін жыве за рысай беднасці
У параўнанні з мінулым годам бедных жыхароў Расіі стала на 3 мільёны чалавек больш.
Эканамічны крызіс у Расіі, які быў выкліканы санкцыямі Захаду праз дзеянні Крамля ва Украіне і контрсанкцыямі самой Расіі, значна пагоршыў узровень жыцця шараговых расіянаў, піша брытанскае выданне Times.
Паводле дадзеных Расстата, у першым квартале гэтага года колькасць бедных у гэтай краіне павялічылася на 15,9%, гэта значыць на 3,1 мільёна чалавек, у параўнанні з тым жа перыядам мінулага года. У беднасці цяпер жыве кожны шосты расіянін.
Былы міністр фінансаў Аляксей Кудрын заявіў у чэрвені, што ў краіне наступіў поўнамаштабны крызіс. Ён прадказвае, што ў гэтым годзе ВУП Расіі скароціцца на 4% і не будзе расці ў наступным, адзначае брытанскае выданне.
Рэцэсія падрывае адно з галоўных дасягненняў кіравання Пуціна: пры ім раслі даходы насельніцтва, і мільёны чалавек выйшлі з беднасці. Але калі ў 2012 годзе колькасць бедных у краіне была 15,4 млн чалавек, у мінулым годзе гэтая лічба паднялася да 16,1 млн, а сёлета чакаецца, што яна дасягне 17,8 млн, робіць выснову Times.
Фота: Sharifulin Valery/Corbis