Tłusta Łusta "Pieranačuješ — bolš pačuješ"

Камбэк гродзенцаў Tłusta Łusta пасля пяцігадовага маўчання атрымаўся даволі скамканым і цьмяным. На другім альбоме "Pieranačuješ — bolš pačuješ" гурт страчвае нейкую фішачку, пэўны шарм, а самае галоўнае — арыгінальнасць. Музыкі, натуральна, робяцца непазнавальнымі, вельмі простымі па-гучанні і абсалютна звычайнымі. Так бы мовіць, як усе.

Напярэдадні рэлізу, Tłusta Łusta папярэджвалі пра лірычнасць новага альбома і адыход ад моладзевага максімалізму ды панк-рока. Але, што гэта будзе так радыкальна, не паказаў нават папярэдне прэзентаваны сінгл “Ramans”. Музыкі хацелі, каб менавіта з гэтым нумарам асацыяваўся ўвесь альбом, і часткова гэта атрымалася.

Песня на верш, напісаны 200 гадоў таму Францішкам Ксаверыем Агінскім, сапраўды не выпадае з аранжыровачнай абоймы ўсіх 10 трэкаў пласцінкі. Аранжыроўкі трэкаў пазбаўленыя вынаходніцтваў, часам гучаць жарсткавата, гітары з невялічкім дадаткам электронных скрэтчаў ад DJ Nobel выглядаюць не надта ўцямна. Нават гульня з рознымі стылямі ад песні да песні, з’яўленне духавых (“Desad”), віяланчэлі (“Duša”), не ўплывае на агульнае ўспрыняцце праграмы.

Разбаўляе дыск дуэт з Таццянай Беланогай (“Jon i jana”). Своеасаблівы дыялог пра адносіны супрацьлеглых палоў з супрацьлеглымі паламі акурат знаходзіцца ў сярэдзіне пласцінкі і дае перадыхнуць. Цікава пачуць голас Таццяны ў такім ключы. Альтэрнатыўная музыка — відавочна не горшы варыянт для вядомай бардэсы.

Другая частка альбома цяжэе, і тут Tłusta Łusta гучыць больш упэўнена і пераканаўча. Калі рухацца далей, то менавіта гэты напрамак і мусіць стаць прыярытэтным. І тады, магчыма, з’явяцца ў гурта хіты. Бо нават кавер на песню Neuro Dubel Pacalunak” у новым альбоме пралятае незаўважна і не пакідае ўражанняў.

Вынік: слабая 6-ка з надзеяй на будучыню.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі