Tłusta Łusta, Sciana, Nizkiz
У “Аглядачы” Еўрарадыё навінкі ад прадстаўнікоў трох пакаленняў беларускага альтэрнатыўнага року.
Спрабуем разабрацца з вясновымі сінгламі ад гуртоў Sciana, Tłusta Łusta і Nizkiz.
Пераможцы “Басовішча”-2008, гродзенцы Tłusta Łusta вяртаюцца пасля чатырох гадоў адсутнасці на беларускім музычным даляглядзе з сінглам "Ramans". Дэбютны альбом каманды "Blin pieršy" датуецца тым жа 2008-м годам. З таго часу Tłusta Łusta пазбавілася амаль ад усіх былых сваіх удзельнікаў, а вакаліст Кірыл Богуш і бубнач Ян Каламыцкі пераарыентаваліся ў сваіх музычных густах.
З дапамогай запрошаных музыкаў гурт запісвае другі альбом і анансуе яго трэкам "Ramans" на верш 19 стагоддзя ад дзядзькі аўтара знакамітага паланэза “Развітанне з Радзімай”Францішка Ксаверыя Агінскага. На дэбютніку Tłusta Łusta ужо маюцца песні на праграмныя вершы Цёткі і Янкі Купалы, аднак гэтая інтэрпрэтацыя падаецца значна больш цікавай.
Рамантычны верш 200-гадовай даўніны пра пакуты кахання маладога беларускага шляхціца, на дзіва, вельмі арганічна існуе ў даволі стэрэатыпнай альтэрнатыўнай аранжыроўцы з умерана цяжкім гітарным гукам і мінімальнымі электроннымі ўкрапваннямі. Страціўшы частку свайго былога панк-шарму і дадаючы лірычнасці, гурт, як падаецца, значна страчвае ў арыгінальнасці. Але чакаем паўнафарматнага альбома ад Tłusta Łusta "Pieranačuješ – bolš pačuješ", рэліз якога запланаваны ўжо на гэта лета.
***
“Новая хваля” сінгл ад яшчэ адных герояў “Басовішча” — брэсцкага гурта Sciana.
За 14 гадоў існавання каманда спазнала істотныя стылістычныя ваганні — пацяжэла, доўга разбіралася са сваёй духавой секцыяй, а цяпер склад папоўніўся электроншчыкам Валерыем Сакаловым.
У выніку маем трэк, які пакідае адчуванне разгубленасці. “Новая хваля” дэманструе фірмовае магутнае і энергетычнае гучанне “Сцяны” але нічым не здзіўляе акрамя даволі неахайнага для дасведчаных музыкаў фінальнага выгляду трэка — барабанная партыя цягам песні вельмі настойліва прымушае прыслухоўвацца да сябе, даволі а то “сіратлівы”, то занадта старанна “задушаны” вакал успрымаецца цяжкавата. Адчуванне няўпэўненасці падмацоўвае маналог лірычнага героя песні, які згубіў сам сябе.
“Новай хваляй” Sciana анансуе будучы альбом, які таксама мусіць убачыць свет неўзабаве. Музыкі запэўніваюць, што ён стане найлепшым у іх дыскаграфіі. Верагодна, пласцінка і расставіць усе кропкі над “і” у абноўленым гучанні гурта.
***
Самыя маладыя ў гэтым аглядзе прадстаўнікі айчыннай альт-плыні рускамоўныя магілёўцы Nizkiz сабраліся ў 2008 годзе, а летась выпусцілі моцны альбом, які дэманструе сур’ёзны падыход да гука і зместу. Іх свежы сінгл “Держи”, як ні дзіўна, выглядае найбольш пераканаўча ў нашым пераліку.
Nizkiz будуюць сваю музыку на выразных мелодыях, андрагінным вакале, акуратным альтэрнатыўным саўндзе і плыні свядомасці ў лірыцы. Усё гэта знойдзецца і ў трэку “Держи”.
Відавочна, што хлопцы ведаюць, што робяць, і іх пасылу ахвотна верыцца. Праўда, пакуль гэта ўсё надта роўна трымаецца ў рэчышчы расійскай мэйнстрымавай альтэрнатывы, якая шмат гадоў лілася, напрыклад, з тэлеканала А-One. Не дарма Nizkiz перамаглі ў конкурсе, арганізаваным расіянамі Lumen для іх маладых паслядоўнікаў. Нягледзячы на тое, што абраная магілёўцамі стылістыка дагэтуль не страчвае папулярнасці на абшарах СНД, Еўрарадыё, мяркуе, што ў гурта хапае патэнцыялу для таго, каб выбіцца з каляіны. Таму чакаем неспадзяванак ад Nizkiz.