"Тое, што выпусцілі Бакіева, — на той час гэта было правільнае рашэнне"

Экс-прэзідэнт Кыргызстана Роза Атунбаева сваім распараджэннем выпусціла з краіны Курманбека Бакіева. Пра гэта яна заявіла 5 красавіка падчас навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай рэвалюцыям 2005 і 2010 гадоў у Кыргызстане. 

Ці змянілася нешта пасля гэтай заявы ў пазіцыі афіцыйнага Бішкека наконт выдачы Бакіева беларускімі ўладамі, Еўрарадыё тлумачыць старшыня Камітэта па міжнародных справах парламента Кыргызстана Каныбек Іманаліеў.

Каныбек Іманаліеў: Тут трэба мець на ўвазе тое, што ў 2010 годзе, пасля 7 красавіка, да таго як Бакіеў пакінуў тэрыторыю краіны, у Кыргызстане была вельмі цяжкая сітуацыя. Ён і яго паплечнікі хацелі справакаваць канфлікт паміж Поўднем і Поўначчу. Яго людзі захапілі ў Джалал-Абадзе будынак адміністрацыі. Пазней ён такую ж акцыю хацеў арганізаваць у горадзе Ош. Але ў мясцовых палітыкаў хапіла розуму выгнаць Бакіева з абласнога цэнтра. І тады пасярэднікамі выступілі Расія і Казахстан. Менавіта пасля таго тагачасная выканаўца абавязкаў прэзідэнта Роза Атунбаева як кіраўнік часовага ўраду вымушана пагадзілася на тое, каб ён пакінуў тэрыторыю краіны — каб палегчыць палітычную сітуацыю ў Кыргызстане і зняць напружанасць.

Справа ў тым, што на той момант амаль 90% кіраўнікоў рознага ўзроўню — гэты былі прыхільнікі Бакіева, яго стаўленікі. Яны баяліся барацьбы з карупцыяй, пра якую заявілі новыя ўлады, спадзяваліся на рэванш. І таму тое, на што пагадзілася спадарыня Атунбаева, — гэта была вымушаная мера.

Але пасля таго была прынятая новая Канстытуцыя, прайшлі выбары, быў абраны легітымны парламент, прэзідэнт, урад і ўсе галіны судовай улады. І зараз ніякіх зменаў у нашай пазіцыі наконт Бакіевых няма: тое, пра што мы зараз гаворым, адбывалася ў 2010 годзе, а пра тое, што потым было рашэнне суда, які прызнаў Бакіева вінаватым і прызначыў пакаранне, вы добра ведаеце. Зараз мы патрабуем выдачы злачынца.

Еўрарадыё: Калі Роза Атунбаева прымала рашэнне наконт выезду Бакіева з краіны, з пасярэднікамі абумоўлівалася — куды дакладна ён паедзе з Кыргызстана?

Каныбек Іманаліеў: Па Бакіева накіраваў казахскі прэзідэнт ваенны верталёт у Джалал-Абадскую вобласць. Пазней ён напісаў заяву, што сыходзіць добраахвотна з пасады прэзідэнта, і перадаў гэтую заяву праз амбасадара Казахстана ў Кыргызскай Рэспубліцы. І тады ж стала вядома, што далей ён паедзе ў Беларусь. Я думаю, што на ўзроўні кіраўнікоў краін Казахстана, Расіі і Беларусі было ўзгодненае гэта рашэнне.



Еўрарадыё: А з кіраўніцтвам вашай краіны далейшы маршрут Бакіева не ўзгаднялі?

Каныбек Іманаліеў: Тое, што ён павінен пакінуць Кыргызстан, — узгаднілі, а куды ён мусіць паехаць — узгаднілі ўжо кіраўнікі іншых краін.

Еўрарадыё: Такім чынам, зараз статус Бакіева памяняўся з уцекача на злачынца?

Каныбек Іманаліеў: Тады краіны знаходзілася на мяжы грамадзянскай катастрофы, не было легітымнай улады. Таму тое, што было прынятае такое рашэнне і ён пакінуў краіну, у кантэксце таго часу гэта было правільнае рашэнне. З таго часу правялі вялікую працу праваахоўныя органы, следчыя і — было прынятае рашэнне суда.

Еўрарадыё: Але, нават нягледзячы на гэта, выказваюцца меркаванні, што за вашымі патрабаваннямі выдаць Бакіева хаваецца жаданне ажыццявіць не правасуддзе, а палітычную расправу над экс-прэзідэнтам…

Каныбек Іманаліеў: Там жа людзі загінулі. Гэта — факт, і супраць гэтага нічога не скажаш.

Еўрарадыё: Прагучалі пагрозы спаліць беларускую амбасаду ў Бішкеку, калі беларускія ўлады не выдадуць Бакіева — усё насамрэч так сур’ёзна?

Каныбек Іманаліеў: Можна зразумець адчай: хтосьці згубіў у тых падзеях сына, хтосьці — брата, а за амаль тры гады, якія прайшлі з тых падзей, ніякія меры не прынятыя, злачынцы не пакараныя. Тым не менш я спадзяюся на розум людзей і на тое, што нашы праваахоўныя органы не дапусцяць гэтага. У той жа час, кыргызскія ўлады павінны рабіць усё дзеля таго, каб злачынцы панеслі заслужанае пакаранне — паўсталі перад судом.

Еўрарадыё: У сувязі з такой рызыкай ці будуць прымацца нейкія ўзмоцненыя меры бяспекі падчас травеньскага саміту АДКБ у Бішкеку?

Каныбек Іманаліеў: Вядома! Гэта будзе зроблена абавязкова.

Фота: Змітра Лукашука, www.kenesh.kg 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі