Трамп выступае супраць дазволу Украіне біць амерыканскімі ракетамі па Расіі
Уладзімір Зяленскі і Дональд Трамп, ілюстрацыйнае фота
Абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп выступае супраць дазволу УСУ атакаваць тэрыторыю Расіі дальнабойнымі амерыканскімі ракетамі. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю часопісу Time.
Пры гэтым Трамп прызнаў, што дамагчыся міру паміж Украінай і Расіяй можа быць больш складана, чым ён прагназаваў раней. Ён назваў сітуацыю вар'яцтвам і заявіў, што "развязаць праблему на Блізкім Усходзе прасцей, чым тое, што адбываецца паміж Расіяй і Украінай".
Запуск амерыканскіх дальнабойных ракет па тэрыторыі Расіі, на яго думку, вядзе да абвастрэння канфлікту: "Навошта мы гэта робім? Мы проста абвастраем гэтую вайну і пагаршаем яе".
У Трампа спыталіся, ці адмовіцца ён ад падтрымкі Украіны. У адказ ён заявіў, што будзе выкарыстоўваць амерыканскую дапамогу Кіеву як рычаг ціску на Крэмль у перамовах аб спыненні агню.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.