Трамп захоўваў звесткі пра ядзерную зброю іншай дзяржавы ў сваім асабняку
Дональд Трамп / Getty
Скандал вакол ператрусаў у асабняку экс-прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ў Фларыдзе набірае абароты. Як піша Washington Post, агенты ФБР, якія зрабілі ператрус у рэзідэнцыі былога прэзідэнта ў мінулым месяцы, знайшлі ў тым ліку суперсакрэтныя дакументы, якія апісваюць ядзерны патэнцыял адной з краін. Гэта сур'ёзна турбуе афіцэраў выведкі.
Сакрэтна. Вельмі
Некаторыя з канфіскаваных дакументаў падрабязна апісваюць звышсакрэтныя аперацыі ЗША, якія ахоўваюцца так старанна, што многія высокапастаўленыя чыноўнікі нацыянальнай бяспекі не ведаюць пра іх. Толькі прэзідэнт ці некаторыя члены яго кабінета маглі даваць доступ да такой інфармацыі.
Запісы, звязаныя з такімі дакументамі, захоўваюцца пад замком у спецыяльным цэнтры, за якім пастаянна назіраюць. А тут яны апынуліся ў доме "з нявызначанай бяспекай" і праз паўтара года пасля таго, як Трамп пакінуў Белы дом.
Дзе захоўваліся паперы і ў якім выглядзе, прадстаўнікі выведкі і ФБР выданню не расказалі. Не атрымалася даведацца і пра тое, аб ядзерным узбраенні якой дзяржавы былі гэтыя запісы.
"Надзвычай небяспечная рэч"
Былы дырэктар па сувязях з грамадскасцю нацвыведкі ЗША Шон Тэрнер у інтэрв'ю CNN заявіў, што факт знаходжання такіх дакументаў дома ў Трампа "мяняе правілы гульні ў дачыненні да рызыкі, якой яны з'яўляюцца для нашай нацыянальнай бяспекі".
"Тое, што гэтыя дакументы маглі быць прагледжаныя неўпаўнаважаным персаналам... кажа пра нашы магчымасці ў дачыненні да збору выведвальнай інфармацыі, звязанай з ядзернымі праграмамі. Найважнейшае тое, што гэта выяўляе нашы прабелы ў зборы выведвальных звестак", — выказаўся ён.
Тэрнер лічыць, што цяпер іншыя дзяржавы змогуць прымаць рашэнні аб ядзерных праграмах у тым ліку на аснове інфармацыі пра выведвальны патэнцыял ЗША. "А гэта надзвычай небяспечная рэч", — дадаў ён.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.