"Трастбанк" змяніў назву на банк "Рашэнне"
Беларускі "Трастбанк" змяніў сваю назву на банк ЗАТ "Банк "Рашэнне". Рашэнне правесці рэбрэндынг было прынятае акцыянерамі і бенефіцыярным уласнікам з Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў у сакавіку 2016 года ў межах новай стратэгіі банка, інфармуе БелаПАН.
Змена назвы, абнаўленне візуальнага вобразу і стратэгіі пазіцыянавання звязаныя з неабходнасцю змены падыходу да сістэмы ўзаемаадносін з кліентамі і са зменай акцыянераў (яна адбылася два гады таму). Адзначаецца, што пры планаванні стратэгіі банк "Рашэнне" ўлічыў шэраг тэндэнцый: змяненне паводзінаў спажыўцоў, узмацненне канкурэнцыі ў банкаўскім сектары, развіццё новых тэхналогій.
Адзначаецца, што кліенты банка "Рашэнне" найбліжэйшым часам змогуць атрымаць доступ да высокатэхналагічных фінансавых сэрвісаў. Банк будзе арыентавацца пераважна на абслугоўванне малога і сярэдняга бізнесу, працу з прыватнымі кліентамі, плануе аказваць паслугі ў галіне дакументарных аперацый і гандлёвага фінансавання.
Вядома, што ў банка налічваецца больш за 46 тысяч кліентаў, яго актывы на 1 чэрвеня 2016 года склалі 1 трлн 199 млрд рублёў, а нарматыўны капітал — 489 млрд рублёў.
"Трастбанк" існуе з 2004-га, спачатку пад назвай "Інфабанк". Тады ж Мінфін ЗША абвінаваціў яго ў "адмыванні грошай для рэжыму Садама Хусэйна". У 2005-м банк змяніў назву на "Трастбанк". Санкцыі Злучаных Штатаў былі знятыя ў канцы 2014 года.