Трэцяя хваля каранавіруса ў разгары, шмат цяжкіх пацыентаў — Піневіч
Дзмітрый Піневіч / БЕЛТА
Трэцяя хваля каранавіруса ў Беларусі цяпер у самым разгары, але ў цэлым сітуацыя з COVID-19 не выглядае такой напружанай, як гэта было мінулай восенню, цытуе міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча прэс-служба ведамства.
Асаблівасць трэцяй хвалі — вялікая колькасць цяжкіх пацыентаў. І гэта, па словах Піневіча, "служыць маркерам складанай сітуацыі".
"Калі ў лічбах, то, напрыклад, колькасць шпіталізаваных у 2,5 разы менш, чым на піку восеньскай хвалі, а вось колькасць цяжкіх пацыентаў менш толькі ў 1,5 разы", — адзначыў ён.
Пры гэтым у краіне каля паўтары тысячы ложкаў, зарэзерваваных для пацыентаў з COVID-19, застаюцца вольнымі. Таму частку аддзяленняў у мінскіх клініках вярнулі да звычайнай працы. Піневіч распавёў, што ў 3-й і 10-й бальніцах, да прыкладу, у поўным аб'ёме аказваецца спецыялізаваная афтальмалагічная дапамога, у 3-й бальніцы працуе таксама "чыстае" гінекалагічнае аддзяленне.
"Чырвоныя" і "чыстыя" зоны ёсць і ў іншых клініках. Акрамя таго, толькі "сваімі" профільнымі пацыентамі займаюцца і ўсе Рэспубліканскія навукова-практычныя цэнтры, размешчаныя ў Мінску.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.