Трэнажоркі пра Brutto: Ніхто не слухае такую музыку, яна не для залаў

“Мы спяваем музыку стадыённага ўзору. Гэта вельмі гучна для клуба. Гэта вельмі гучна для таго, каб слухаць у машыне. Гэта добра будзе гучаць у вялікай прыгожай спартзале. Пад гэта добра качацца, — распавядае Сяргей Міхалок пра свой новы праект Brutto журналісту 34mag.net. — Вядома ж, непадрыхтаванаму далба..бу гэта разарве мозг у навушніках. Трэба падрыхтавацца. Для спартоўца заўсёды важна добра размяцца. І перш чым браць рэкордную вагу, трэба навучыцца рабіць базу”.

Цікава, ці ведаюць у мінскіх трэнажорках пра тое, што адмыслова для іх культавая зорка напісала цэлы альбом? Як высветлілася, пра Brutto ў большасці месцаў пакуль не чулі. Але трэнеры з радасцю пагаджаюцца правесці эксперымент і цягам дня пакруціць новага Міхалка на занятках.

“Ну, што мне вам адказаць? Ніхто не слухае такую музыку, — адразаюць у трэнажорцы “Сакавік”, што на вуліцы Шпілеўскага. — Мяне адразу папрасілі паставіць што-небудзь іншае. І ў мяне, па шчырасці, такое ж меркаванне. Гэтая музыка дакладна не для залы”.

У качалцы з феерычнай назвай “Котовский” на аднайменнай вуліцы звычайна круцяць заходнюю рок-музыку кшталту The Offspring, Linking Park і г.д. З’яўляюцца ў плэй-лісце і “Ляпісы”, але Brutto пакуль мясцовую публіку не заваявалі.

“Ну, хіба песню "Underdog" можна адзін раз паставіць, — гавораць у “Фітнэс-цэнтры нацыянальнай школы прыгажосці”. — Прыкольная песня “Гири”, але… Я праслухаў увесь альбом і, на маю думку, там адна нармальная песня — "Underdog". А астатнія песні просценькія, музыка ў іх адна і тая ж…”

Трэнажорны зал “С-Порт” ва Уруччы ўвогуле круціць музыку з тэлевізара, пераважна заходнюю эстраду, таму альбом Brutto ім у прынцыпе не пасуе. І такіх качалак па горадзе хапае. Яшчэ адзін класічны прыклад адказаў — у фітнэс-клубе “БодзіЦюнінг” на Альшэўскага:

“У нас усё залежыць ад трэнера! Яны прыходзяць на заняткі са сваімі дыскамі. Але гэта пераважна нейкія амерыканскія хуткія песні. Дакладней не скажу”.

У клубе MegaFit таксама пакуль не ставяць наведвальнікам альбом "Underdog". Нягледзячы на тое, што прадстаўнік адміністрацыі качалкі на пару з адным з трэнераў знаходзіцца ў складзе тусоўкі Brutto. Але гэта часова!

“Мы плануем запусціць у нас радыё-Brutto, — тлумачыць адміністратар Ігар. — Там будзе добрая рок-музыка, сусветныя хіты. А самі песні Brutto — добрая энергічная музыка, чаму б і не займацца пад яе спортам. Гэта ж не які-небудзь Modern Talking, усё ж хутчэй будзе. Яна зараджае энергіяй, матывуе, так бы мовіць, падахвочвае да дзеянняў”.

Праўда, Ігар дадае, што ўсё роўна іх плэй-ліст — хутчэй, фонавая музыка, бо большасць прыходзіць займацца з уласнымі плэерамі. Гэтак жа робіць і Андрэй, які пайшоў у качалку, наслухаўшыся Underdog. Дакладней, новы праект Сяргея Міхалка зрабіў апошні крок у даўнім жаданні заняцца сабой.

“Насамрэч я пакуль толькі адзін раз хадзіў у качалку, але на наступны месяц, на кастрычнік, ужо ўзяў абанемент, — прызнаецца Андрэй. — Мне падаецца, песні Brutto вельмі пасуюць. Калі б у качалках замест нейкай гапаты ставілі іх песні, то, думаю, у многіх хлопцаў справа пайшла б значна лепш”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі