Трэнера фрыстайлістаў Казеку пазбавілі імянной прэзідэнцкай стыпендыі
Трэнера нацыянальнай зборнай па фрыстайле Мікалая Казеку пазбавілі імянной прэзідэнцкай стыпендыі, паведамляе TUT.by.
Акрамя таго, Рэспубліканскій цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па фрыстайле паітрабуе з яго ў дасудовым парадку вярнуць грошы, атрыманыя з 13 ліпеня 2019 па 2 чэрвеня 2020 года. Прычынай называецца адміністрацыйнае правапарушэнне.
Дакумент аб гэтым падпісаў Дырэктар РЦАП С. Марчанка.
Сам Казека пакінуў на дакуменце свой каментар: "Звярнуўся да міністра з лістом-зваротам па тлумачэнне аб сутнасці прэтэнзій па вяртанні атрыманых сродкаў".
Мікалай Казека займае пасаду галоўнага трэнера нацыянальнай каманды па фрыстайле з 1993 года. Яго прызнавалі найлепшым трэнерам года Беларусі ў 2014 і 2018 гадах. Казека — кавалер ордэна Айчыны I, II і III ступені.
На зімовых Алімпіядах вучні Казекі заваявалі сем медалёў, у тым ліку тры залатыя. Сярод яго выхаванцаў — Дзмітрый Дашчынскі, Аляксей Грышын, Антон Кушнір, Ала Цупер, Ганна Гуськова.
Пасля разгону мірных дэманстрацый 9-12 жніўня Мікалай Казека жорстка ацаніў дзеянні ўлады: "Як могуць дзейнічаць падобным чынам тыя, хто, па сутнасці, павінен аберагаць народ? Мне здаецца, ім паступіў нейкі сігнал, можа, яны думалі, што крыху паб'юць, усё пройдзе па накатанай — і сітуацыя супакоіцца".
Пазней ён заступіўся за звольненага дырэктара РЦАП Вадзіма Крывашэева і раскрытыкаваў спартовае кіраўніцтва Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.