Троіца: Гэта наш шлях і ён нам падабаецца. Няхай кажуць, што хочуць

Напярэдадні вялікага каляднага канцэрту гурт “Троіца” ласкава пагадзіўся сустрэцца з Еўрарадыё. Музыкі распавялі пра новы альбом гурта “Жар-жар”, а Іван Кірчук падзяліўся думкамі наконт беларускага псеўда-фолку, сваім бачаннем “Рок-каранацыі” і падтрымаў некаторыя легенды, якія штогод нараджаюцца вакол яго персоны.
Руся: Ходзяць чуткі, што альбом “Жар-жар” гэта разавы эксперымент, ці так гэта?

Іван Кірчук:  Пакуль што так, таму што гэта эксперыментальная праца “Троіцы” на працягу трох гадоў. З намі за гэты час працавалі розныя сэсіённыя выканаўцы, а большую частку музыкі выконваў Андрэй Жукаў, выкарыстоўваючы свае “прыбамбасы і фуфліксы”, як ён іх называе. Гэта сэмплы і лупы.



Ёсць там і “Троіца”, вядома. Мой голас, інструменты Юрыя Паўлоўскага, шмат эксперыментаў Юрыя Дзмітрыева з гітарамі ды і ўвесь альбом мы задумалі як чарговы альбом “Троіцы”. Адзінае што, эксперыменты адцягнулі нас крыху убок і ўжо на першай песні мы адчулі, што яны  працягнуцца. Таму што пакінуць адну песню ў нязвыклым для “Троіцы” гучанні (а пачыналі мы з “Казы” з лірай), а астатняе зрабіць, як мы рабілі дагэтуль - бессэнсоўна.

Альбом “Жар-жар”, на маю думку, цікавы яшчэ і тым, што там мы запісалі казку, якую прыдумалі самі і самі ж яе агучылі за ўсіх зверанятак. Казка пра зайца, які хадзіў ў сваты (усміхаецца).

Ёсць там і анімацыйны кліп “Тры янгалы”, які на сённяшні дзень на сайце прагледзела каля 17.000 чалавек.



Кліп можна паглядзець тут.

Р.: Што-небудзь з альбома “Жар-жар” прагучыць на канцэрце 25-га снежня?

Юрый Дзмітрыеў: Яно гучыць ужо сто гадоў! Альбом “Жар-жар” пачаў пісацца ў 2005 годзе, а сёння ўжо, дзякуй Богу, 2009-ы хутка настане (усміхаецца). Так што, увесь матэрыял з “Жар-жар” гучыць на сцэне, але ў акустычным варыянце. Так што гэта ўжо ня будзе прэм’ера.



Р.: Дзядзя Ваня, некаторыя фалькларысты абвінавачваюць вас у тым, што вы толькі псуеце народныя песні, а вашая творчасць гэта прафанацыя. Вас гэта неяк турбуе?


І.К.:  Не! (смяецца). Я наадварот радасны ад таго, што і такія людзі ёсць. Калісьці нам на радыё патэлефанавала нейкая жанчына і сказала, маўляў, Кірчук спаганіў усю беларускую песню (усміхаецца). Але ж эксперыменты з беларускай песняй гэта не маё ўласнае адкрыццё.  Бо я сам гарадскі чалавек і ўпершыню пачуў беларускую песню ў акадэмічным выкананні і таксама быў у шоку, калі акадэмічны хор у кансерваторыі спяваў - (спявае ў лепшых традыцыях савецкага акадэмічнага хору) кацілаааася чооорна  гааалка пааа баруууу…  Вось гэта была беларуская песня! Яны была ў такім выкананні і чамусьці ніхто пра яе нічога не казаў.



Ці вось, Мулявін. Ён не сыходзіў з традыцыі, а рабіў свае аранжыроўкі. Яны таксама былі смелымі, таму што такога шасці ці васьмігалосся ў беларускай культуры няма.

Пазней быў “Палац”. Не ведаю, ці крытыкавалі нашага таварыша Хаменка за выкарыстанне беларускай песні з электронікай. “Троіца” ж узнікла як акустычны гурт, які  пабудаваўся на беларускай песні.

Магчыма, калі б мы нарадзіліся ўсе ў адной весцы, выконвалі ўсё, як гэтага патрабуюць нашыя традыцыі, калі б мы выраслі на адных беларускіх песнях, то мы б не ўзялі ў рукі нейкія іншыя інструменты. Скажам, афрыканскія ці інданэзійскія.  Але так склаўся наш лёс і я ўдзячны таму, што з беларускай песняй гарманічна слухаюцца і нямецкая цытра, і расейскія гуслі, і малдаўскія акарыны і афрыканскі джамбей, і турэцкі сас і гэтак далей. Такіх інструментаў шмат і яны прыгожа існуюць у нашых аранжыроўках. Гэта наш шлях і ён нам падабаецца. Няхай кажуць, што хочуць.

Р.: Кажуць, што на наступнай Рок-Каранацыі “Сон-трава” будзе змагацца за карону з “Маніфестам” Ляписа Трубецкого. Вось для вас “Рок-Каранацыя” гэта падзея?


Юрый Паўлоўскі: Як можа “Сон-трава” канкураваць з “Маніфестам”, калі гэта абсалютна розныя па гуку і стылю альбомы?!?



Р.: Як бачым, у межах “Рок-Каранацыі” гэта нармальна і магчыма.


Ю.П.:
Гэта таму, што краіна маленькая, падзеяў няшмат, таму трэба выцягваць на свет усё, што адбываецца.

І.К.: У мяне сваё стаўленне да “Рок-Каранацыі”. Адмоўнае. Я ведаю шмат музыкаў, якія заваленыя шклянымі каронамі. На жаль, шклянымі, а не крыштальнымі ці з элементамі каштоўных каманеў. Шкляная карона - вось планка гэтага фестывалю, на жаль.
Мне падаецца, што ў Беларусі трэба шукаць нешта сваё, іншае. На дадзены момант “Рок-каранацыя” падобная на конкурс мастацкай самадзейнасці ў стылі 70-х гадоў.

Відаць, гэта проста утульная для ўсіх і адпрацаваная схема. Прыдумаць і прафінансаваць нешта новае даволі цяжка, але я б лепш пакінуў традыцыю “Рок-Каранацыі” ў гісторыі і шукаў бы нешта новае. Скажам, прыдумаў бы новыя намінацыі, новыя ўзнагароды, хаця б нейкія інструменты, мікрафоны…

Важна, хто гэтым займаецца, хто якую мэту перад сабою ставіць.



Аднойчы я быў на “Рок-каранацыі”, я не памятаю навошта мяне туды запрасілі, але я там доўгі час сядзеў, чагосьці чакаў і вось больш за ўсё мяне здзівілі вялізныя пустыя жалезныя банкі-муляжы. Вось такім вялізным пустым муляжом і ўспрымаю свята “Рок-Каранацыя”.
Цяжка ўявіць сабе, напрыклад, у Англіі ці ў ЗША нейкіх важных і вядомых музыкаў, у якіх дома на секцыі стаялі б нейкія шкляныя кароны і яны б казалі сябрам, маўляў, глядзіце, я каранаваны дваццаць разоў!  У нас ёсць музыкі, якія дваццаць разоў каранаваныя. Ну малайцы. Я ганаруся імі.

Р.: За маладымі гуртамі, якія працуюць з фолкам, вы назіраеце?


Ю.Д.: Адмыслова – не. Звычайна наведваю беларускія музычныя парталы і нешта там бывае трапляецца. Вось “Яр”, напрыклад, мы ведаем. Нават назва “Яр” з’явілася ў Машы з падказкі “Троіцы”. Яны мне вельмі падабаюцца, яны цікавыя і перад імі шмат магчымасцяў. Я ведаю, што ёсць шмат прыхільнікаў фолку сярод беларускіх гуртоў. Поспехаў ім і няхай іх будзе яшчэ больш.

І.К.: У мінулым годзе я быў ў складзе журы на фестывалі ў Любліне, дзе выбралі беларускую каманду – “НХС” (цяпер “Акана” – заўв.рэд). Я не магу сказаць, што мне падабаецца такая музыка і такі стыль, але на той момант, на той сцэне яны былі найбольш яркімі. Што ў іх з канцэртамі, якія дыскі яны запіваюць я не ведаю, бо слухаю іншую музыку.



Р.: Дарэчы, пра сцэну. На пачатку “Троіцы” вы лічылі, што сцэнічны імідж, касцюмы і нейкія ўпрыгожванні - гэта не абавязковы атрыбут гурта. Галоўнае - гэта музыка. Зараз жа вы то імідж змяняеце, то нейкае дзіўнае, прыгожае адзенне на сцэне носіце. Чаму сталіся такія змены?

І.К.:  Смяяліся з адзення на сцэне не таму, што гэта дрэнна. Мы мелі на ўвазе крыху іншае: вось паспрабуй уключыць тэлевізар і паглядзі, напрыклад, праграму “Спявай душа”. Абрагатацца можна, таму што ўдзельнікі праграмы апранаюць абы што і гэта зусім ня тое адзенне, якое шылася ў рэгіёнах, гэта далёка ад малюнкаў і арнаментаў сапраўднага касцюму.

У нас ўжо даўно ўсё перавярнулася з ног на галаву і ёсць толькі некалькі суполак, якія захоўваюць арнаменты, вышыўкі і г.д. у іх арыгінальным значэнні і сімвалізме. Яны разумеюць іх і ведаюць, што носяць. А гэтыя праграмы тыпу “Спявай душа”, “Запрашаем на вячоркі” і ёсць псеўда-фолк.

Я вось апранаю на сцэну нешта выключна сваё, нешта, што было зроблена выключна для мяне. Напрыклад, сетку, якую звязала для мяне сястра. Гэта не рэчы з крамы, а мае прыватныя абярэгі і сімвалы. Мне гэта дапамагае на канцэртах.



Р.:  Вакол вас існуе шмат легенд, дзядзя Ваня. Напрыклад, лічыцца, што захаваць свой талент вам дапамагаюць вашыя інструменты, колкасць якіх вам невядомая. Дык вось, вашая прыватная легенда кажа, што, калі вы падлічыце усе свае інструменты , то згубіце музычны талент. Ці вось яшчэ - Кіірчук прачынаецца і зачынае разам з сонцам, плавае ў праталіне, больш за ўсё любіць пяльмені і гарэлку. Кірчук напісаў навуковы аналітычны труд пра фальклор Афрыкі і Беларусі ну і гэтак далей. Што з гэтага праўда, а што лухта?

І.К.:
Што? (смяецца). Ну гарэлка – таааак. Гарэлка – смачны прадукт, але мы вельмі занятыя і гарэлка здараецца з намі рэдка. Пяльмені - гэта не маё. Як любая “дзева”, я сачу за здароўем і больш люблю арэхі, мёд, яблыкі і тварог, салат з крапівы з чарнаслівам. Купацца ў праталіне пакуль што не магу, бо Камсамольскае возера чысцяць і яно стала мелкае.

Пра Афрыку не пісаў (усміхаецца). Затое аднойчы удзельнічаў у семінары у Інстытуце Культуры, дзе выказваўся на тэму “ Подых Космасу ў Музычным Фальклоры Беларусаў” (смяецца). Я даследаваў, як гукі, колеры і ноты ўплываюць на энэргетычны цэнтры чалавека.

Пра Афрыку дакладна не пісаў. Але, калі прыкінуць, ад чаго людзі пачынаюць танчыць, то адразу ж стане відавочна, што не ад музыкі, а ад рытму. Дзе гучыць рытм, там ажывае народ. То бок, у нас ёсць генетычны водгук на рытм адмысловых рытуалаў і абрадаў, якімі жылі нашыя далёкія продкі.



Што там яшчэ было?

Р.: Падлік інструментаў і талент.

І.К.: Ага. Ну не ведаю. Музыкай я займаюся даўно. У музвучэльню паступіў у 1973 годзе. Да гэтага быў хор хлопчыкаў (усміхаецца). Інструменты пачаліся з’яўляцца з пачатку “Троіцы”, вядома. Пералічваць іх няма сэнсу, бо тое, што ў працы, тое ў працы, а тое, што пабілася, перайшло ў архіў. Лічыць іх немагчыма, бо пастаянна з’яўляюцца новыя інструменты. Некаторыя з іх - падарункі, я нават назвы ім прыдумляю. Напрыклад, калі форма доўгая, называю “хобат”, калі падобная на буханку хлеба, заву “бохан” і г.д. Я іх не лічу. Навошта? Баюся, што пакуль я жывы, мой талент нікуды не знікне (смяецца).

----------
Нагадаем, што зусім хутка “Троіца” сыграе вялікі калядны канцэрт у КЗ “Мінск”. 25 снежня. Абавязкова мусім быць там!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі