Тры гады калоніі далі жыхару Віцебска за распылены ў бок міліцыі газ
Арцём Ісакаў / viciebskspring.org
Жыхара Віцебска 26-гадовага Арцёма Ісакава асудзілі на 3 гады калоніі за гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў (арт. 364 КК РБ). Такое рашэнне ў чацвер прыняў Суд Кастрычніцкага раёна Віцебска, паведамляе TUT.BY.
Ісакава затрымалі 25 кастрычніка падчас аднаго з нядзельных маршаў — спачатку ў рамках адміністрацыйнага разбору. Пакаралі штрафам. Аднак пазней вылучылі абвінавачанне ўжо ў рамках крымінальнай справы.
Бок абвінавачвання казаў у судзе, што Ісакаў на маршы не менш за два разы "распыліў струмень пярцовага газу ў бок асоб і тулаваў міліцыянтаў Вайцяхоўскага, Іванова і Сянкевіча". І тым самым, настойвае абвінавачванне, перашкодзіў супрацоўнікам міліцыі затрымаць п'янага чалавека, які выкрыкваў абразы ў іх адрас.
Акрамя таго, паводле дадзеных следства, хлопец выкарыстаў балончык яшчэ некалькі разоў — супраць пяці іншых міліцыянтаў, чым прычыніў ім "фізічны боль".
Адвакат Ісакава прасіла суд апраўдаць яго. Па-першае, ён не мог ведаць, што перад ім супрацоўнікі міліцыі, яны былі не ў форме і не прадставіліся. Але галоўнае, аб'ектыўных доказаў, што хлопец сапраўды нанёс праваахоўнікам сур'ёзныя пашкоджанні, няма. Паводле вынікаў экспертызы, сляды газу былі выяўленыя на куртцы толькі аднаго міліцыянта. На шапках, масках і іншых дэталях адзення іх не знайшлі, паведамляюць віцебскія праваабаронцы. Да таго ж, пацярпеламу міліцыянту была выплачаная маральная кампенсацыя ў 500 рублёў.
Бок абвінавачвання прасіў суд прызначыць Ісакаву 6 гадоў пазбаўлення волі — гэта максімальны тэрмін па артыкуле 364 КК. 4 лютага суд прысудзіў яму тры гады калоніі агульнага рэжыму.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.