Туркменскія студэнты ў Мінску крадуць адзін у аднаго рэчы, каб здаць у ламбард
Туркменскія студэнты ў Мінску крадуць адзін у аднаго рэчы, каб здаць у ламбард. І такіх выпадкаў становіцца ўсё больш. Як інфармуе turkmen.news, крадуць у асноўным тэлефоны, ноўтбукі, планшэты і жаночыя ўпрыгожанні. Міліцыя правяла з туркменамі прафілактычную сустрэчу ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце.
"Можа быць, у вас на радзіме гэта не лічыцца злачынствам, — гаварыў падпалкоўнік міліцыі. — Можа, вы гэтага ўвогуле не разумееце, але тут, у Рэспубліцы Беларусь, калі вы ўзялі чужую рэч і здалі яе ў ламбард, то вы падлягаеце крымінальнай адказнасці за крадзеж".
На сустрэчы было заяўлена, што ўлады Беларусі ідуць насустрач замежным студэнтам: у некаторых выпадках замест крымінальнага пераследу іх дэпартуюць. Туркменаў папярэдзілі, што іх чакае дэпартацыя нават у выпадку адміністрацыйнага правапарушэння. Забарона на ўезд у Беларусь будзе азначаць аналагічную забарону на ўезд у Расію.
"Калі хтосьці адчувае, што не можа не скрасці, альбо выношвае думкі здзейсніць нешта супрацьзаконнае, то проста звярніцеся ў сваю ВНУ, напішыце заяву з просьбай пра адлічэнне, купіце квіток і едзьце дахаты, — казаў на сходзе сілавік. — Навошта ствараць праблемы сабе і навучальнай установе?".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.