Туркомплекс алігарха Юрыя Чыжа будуюць вайскоўцы

Бізнэсмэн Юрый Чыж будуе ў сваёй роднай вёсцы Сабалі, што пад Бярозай, вялікі турыстычны комплекс. У ім будуць гатэль, музей, рэстаран, лыжная траса, стайні, ферма па вытворчасці мармуровага мяса ды інш. Агулам на будаўніцтва культурна­этнаграфічнага комплекса "Наш родны кут Сабалi" кампанія "Трайпл" мелася выдаткаваць 15 мільёнаў долараў, адкрыццё запланаванае на 2015 год.



Як піша nn.by, мясцовыя жыхары заўважылі на будоўлі салдатаў са Слуцкай вайсковай транспартнай часці № 18­662. Як выявілася, паміж "Трайплам" і дэпартаментам транспартнага забеспячэння Мінабароны падпісаная дамова падраду. Паводле яе, шэсцьдзясят салдат тэрміновай службы рыхтавалі пляцоўку да будаўніцтва — чысцілі лес.



Юрысты кажуць, што вайсковыя фармаванні, у тым ліку транспартныя войскі, могуць выконваць работы ці аказваць паслугі на платнай аснове, калі гэта не супярэчыць іх статутным мэтам. Заробленыя грошы застаюцца ў іх распараджэнні.



Ёсць і пералік таго, што вайскоўцы могуць рабіць за грошы. У яго ўваходзяць больш за два дзясяткі работ: земляныя, будаўнічыя, работы па аздабленні памяшканняў (пакрыццё падлогі, абліцоўка сцен), электрамантажныя, пракат бытавых вырабаў і прадметаў асабістага карыстання, дзейнасць грузавога транспарту, вытворчасць стальных канструкцый, здача другасных рэсурсаў і каштоўных металаў ды іншыя работы.



Фота — nn.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі