Турысты шукаюць кенгуру ў Аўстрыі, а фанаты блытаюць Будапешт з Бухарэстам
Еўрарадыё сабрала еўрапейскія турыстычныя ляпы.
Нядаўна Еўрарадыё распавядала аб планах еўрапейскіх краін прыцягваць больш багатых турыстаў з Кітая. Але, як высветлілася, часам кітайцы не ведаюць, куды едуць, і блытаюць Швецыю са Швейцарыяй. Каб пазбегнуць блытаніны, консульствы гэтых краін у Шанхаі пачалі іміджавую кампанію. Як піша навінавы партал 20 Minuten, кітайцам прапануецца з гумарам намаляваць адрозненні дзвюх краін.
“Конкурс мае шмат клішэ: Швейцарыя — краіна банкаў і дарагіх гадзіннікаў, а Швецыя — гэта фрыкадэлькі і мэбля ІКЕА. Пераможца конкурсу атрымае 12-дзённую паездку ў абедзве краіны”, — піша 20 Minuten.
Крыніца: spiegel.de
Наступная краіна, якая мае сур’ёзныя праблемы з міжнароднай ідэнтыфікацыяй, — Чэхія. Здавалася б, 20 гадоў незалежнасці, а таксама славутыя імёны пісьменніка і палітыка Вацлава Гавела, рэжысёра Мілаша Формана і хакеіста Яраміра Ягра зрабілі краіну пазнавальнай. Апынулася, што не. Красавіцкі тэракт у Бостане і меркаваны “чачэнскі след” выклікалі гнеў амерыканскіх інтэрнаўтаў у бок… Чэхіі.
“Калі я ўпершыню гэта пабачыў, я не мог у гэта паверыць”, — кажа Дэвід Крэйчы, аднаклубнік Ягра ў “Бостан Бруінз”. — Як гэтыя людзі маглі так пераблытаць? Я думаю, што яны ніколі не хадзілі ў школу”.
Суседнюю з Чэхіяй Аўстрыю дык увогуле блытаюць з зялёным кантынентам, Аўстраліяй. Менавіта таму еўрапейская краіна запусціла кампанію “Няма кенгуру ў Аўстрыі” — плакаты з адпаведным лозунгам можна часта пабачыць на аўстрыйскіх вуліцах.
Тым часам ад BBC дасталася і Аўстрыі, і Чэхіі, калі брытанскі канал у дакументальным фільме перад Еўра-2012 пераблытаў месцамі краіны. На карце ў тым жа фільме Сербію назвалі Югаславіяй.
Дарэчы, у футболе блытаніна з назвамі краінаў і гарадоў — не рэдкасць. У той жа Чэхіі ў 2008-м на праграмцы перад матчам з Літвой надрукавалі латвійскі сцяг. Гімн на стадыёне ўключылі таксама латвійскі. Прыбалтыйскія краіны нядаўна пераблытала і група фанатаў з Босніі і Герцагавіны, якія прыляцелі ў Рыгу на матч сваёй зборнай супраць… Літвы.
“Калі мы прызямліліся, паўсюль было даволі ціха, нідзе не было чуць нашых фанатаў. Мы запыталіся ў мінакоў па-ангельску, куды нам ісці, каб патрапіць на стадыён. Мы сказалі, што прыляцелі з Босніі, але яны толькі пасмяяліся і сказалі, што мы вельмі далёка ад стадыёна”, — кажа фанат-няўдачнік з Босніі.
А летась свае “геаграфічныя веды” прадэманстравалі каля 400 фанатаў “Атлетыка” з Більбаа. Замест Бухарэста, дзе праводзіўся фінал Лігі Еўропы з удзелам іх каманды, яны прыехалі ў Будапешт. Зразумеўшы памылку, яны яшчэ паспрабавалі дабрацца да румынскай сталіцы (каля 820 кіламетраў), але не паспелі.
Фота: everydaydreamholiday.com