У адказ на санкцыі ЕС Расія працягне на паўгода "харчовае эмбарга"
Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў.
Расія рыхтуе адказ на працяг санкцый, абвешчаны Еўрасаюзам. Прэм'ер Расіі Дзмітрый Мядзведзеў прапаноўвае падоўжыць дзеянне ўказу пра абмежавальныя меры на харчаванне з заходніх краін. На нарадзе з віцэ-прэм'ерамі Мядзведзеў абвясціў, што расійскія санкцыі будуць падоўжаныя на паўгода, перадае РБК.
Нагадаем, што кіраўнікі міністэрстваў замежных спраў краін Еўрасаюза ў панядзелак прынялі рашэнне працягнуць санкцыі супраць Расіі. Абмежаванні будуць дзейнічаць да 31 студзеня 2016 года. Еўрасаюз абвясціў, што прымае гэтыя меры для таго, каб Расія выканала мінскія пагадненні.
Так званае прадуктовае эмбарга Расія ўвяла на пачатку жніўня 2014 года. Гэта быў адказ на абмежаванні, якія Захад наклаў за і далучэнне Крыма да Расіі ды расійскае ўмяшанне ва ўкраінскі крызіс. У пятніцу Пуцін заявіў, што страты Еўропы ад расійскіх контрсанкцыяў склалі 100 млрд долараў.
Фота — sockraina.com