У адносінах паміж Беларуссю і ЕС адшукалі прыкметы дэжавю

Цэлы кансіліум сабралі сябры “Ліберальнага клуба” ў спробе разабрацца з дэжавю, што іх апанавала напярэдадні лістападаўскага саміта “Усходняга партнёрства” ў Вільні. За круглы стол сабралі і еўрапейскіх дыпламатаў, і прадстаўнікоў улады, і эксперта з Туманнага Альбіёна.



Амбасадар Літвы Эвалдас Ігнатавічус удакладняе ў арганізатараў “панэльнай дыскусіі”.



Эвалдас Ігнатавічус: “Дэжавю чаго, якіх падзей? Калі казаць пра палітыку Еўрасаюза, то, магчыма, самыя яскравыя пытальнікі: “Дэжавю Прагі 2009 года ці Варшавы 2011 года?”



Нагадаю, на пражскі саміт 2009 года запрасілі Аляксандра Лукашэнку. Запрашэнне прывёз чэшскі міністр замежных спраў Карэл Шварцэнберг асабіста. Праўда, сцвярджаюць эксперты, з умовай, што сам кіраўнік Беларусі тым запрашэннем не скарыстаецца. І сапраўды — у Прагу паляцеў віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка. На варшаўскі саміт ад пачатку запрасілі міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Мартынава, але ўзначаліць нашу дэлегацыю даручылі амбасадару Беларусі ў Польшчы Віктару Гайсёнку. А ў апошні момант афіцыйны Мінск і ўвогуле адмовіўся ад удзелу ў саміце. Ад віленскага саміта літоўскі дыпламат чакае іншага.



Эвалдас Ігнатавічус: “Там збяруцца ўсе зоркі Еўрапейскага саюза, усе кіраўнікі дзяржаў-партнёраў. Там будуць, спадзяюся, падпісаныя важныя дамовы з Украінай, Малдовай, Грузіяй, што дасць штуршок усяму рэгіёну. Думаю, гэта — добры знак і для Беларусі. Спадзяюся, мы зробім, хай і невялікі, але крок наперад. Для гэтага ўсе перадумовы ёсць”.



Праўда, нагадвае любімую тэзу ўсіх еўрачыноўнікаў, “ключы да поспеху знаходзяцца ў Мінску”. Гэта азначае, што ўмовы, якія абавязаны выканаць афіцыйны Мінск для аднаўлення дыялогу з ЕС, беларускім уладам даўно вядомыя — чакаем… А каб чаканне не зацягнулася на ўвесь тэрмін літоўскага старшынства ў ЕС (яно працягнецца да канца 2013 года), пералічвае планы Літвы на гэты час.



Эвалдас Ігнатавічус: “Асаблівы акцэнт мы зрабілі на транспарце — плануем з’яднаць Еўрасаюз і краіны-партнёры праз транспартныя калідоры “Усход-Захад”. Гэта — і аўтамагістралі, і чыгунка. Другі важны сектар — межы. Гэта супрацоўніцтва памежнікаў, каб транспартныя калідоры функцыянавалі...”



І каб у бюджэт краіны пайшлі немалыя “транзітныя” грошы. Тэму выгад ад нармальных адносінаў з ЕС працягнула кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Майра Мора. Маўляў, ЕС прапаноўвае Беларусі шмат праграм і праектаў ужо сёння, а пры нармалізацыі адносінаў іх будзе яшчэ больш — вельмі прывабных, эканамічна выгадных. Але ёсць некалькі даўно вядомых “але”…



Майра Мора: “Вызваленне ўсіх палітычных, іх рэабілітацыя і аднаўленне ў правах з’яўляецца палітычным прыярытэтам для Еўрасаюза. Мы і ў Мінску, і ў Брусэлі неаднаразова нагадвалі пра гэта беларускім уладам, заклікалі да вырашэння гэтага пытання, якое сапраўды тармозіць усё развіццё нашых сумесных адносінаў”.



Пазіцыю ўлады да намаляваных еўрапейскімі дыпламатамі перспектыў для Беларусі ад удзелу ў праграме “Усходняга партнёрства” ў каментары Еўрарадыё агучвае намеснік дырэктара Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта Леў Крыштаповіч.



Леў Крыштаповіч: “Усходняе партнёрства” — гэта палітычна смешная з’ява. І да гэтай з’явы трэба падыходзіць па-смешнаму. І тады мы будзем падыходзіць да яго сур’ёзна. А спроба падыходзіць да яго сур’ёзна выглядае смешна. Трэба злавіць гэты момант — сёння рэальна “Усходняе партнёрства” трансфармуецца ва ўзаемаадносіны паміж асобнымі краінамі ў межах “Усходняга партнёрства”.



Кіраўнік па даследаваннях “Ліберальнага клуба” Яўген Прэйгерман задаецца пытаннем: “Ці ёсць жыццё ў беларуска-еўрасаюзаўскіх адносінаў пасля віленскага форуму?” Кажа, выглядае на тое, што ёсць. Хоць і кліматычныя ўмовы не вельмі спрыяльныя. Ці паляпшацца яны, залежыць ад таго, “па-смешнаму ці сур’ёзна” паставіцца афіцыйны Мінск да саміта ў Вільні.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі