У адстаўку адпраўлены адзін з намеснікаў Уладзіміра Макея

Мікалай Барысевіч / БЕЛТА
Мікалай Барысевіч / БЕЛТА

Мікалай Барысевіч вызвалены ад пасады намесніка міністра замежных спраў "у сувязі з выхадам у адстаўку". Аб гэтым гаворыцца ў пастанове Савета міністраў, апублікаванай на Нацыянальным прававым партале.

Барысевіч прапрацаваў на гэтай пасадзе менш за год — быў прызначаны ў сакавіку 2021-га. Да гэтага ён узначальваў Галоўнае ўпраўленне Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі МЗС, а наогул у сістэме МЗС ён з 90-х. На кароткі перыяд пераходзіў на працу ў Адміністрацыю прэзідэнта — у 2000 быў прэс-сакратаром Аляксандра Лукашэнкі.

Нагадаем, раней Лукашэнка даў згоду на прызначэнне двух новых намеснікаў міністра замежных спраў. Імі сталі Юрый Амбразевіч (да нядаўняга часу пастаянны прадстаўнік Беларусі пры Аддзяленні ААН у Жэневе) і Ігар Назарук (з'яўляўся дырэктарам дэпартамента гандлёвай палітыкі Еўразійскай эканамічнай камісіі). Акрамя таго, было абвешчана, што Сяргей Алейнік павышаны да першага намесніка міністра. Гэтыя прызначэнні таксама ёсць у апублікаванай пастанове ўрада.

Гэтай жа пастановай вызваленыя ад сваіх пасадаў першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло, старшыня "Белдзяржхарчпрама" Анатоль Бубен, і намесніца міністра эканомікі Анжаліка Нікіціна. Брыло вызвалены ад пасады "ў сувязі з пераходам на іншую працу" (яго павысілі да кіраўніка Мінсельгасхарча), Бубен і Нікіціна — "па пагадненні бакоў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі