У Аргенціне выбралі прэзідэнта — гэта палітык, які абяцаў спаліць Нацбанк

Хаўер Мілей і яго сястра Карына

Хаўер Мілей і яго сястра Карына / Reuters

Новым прэзідэнтам Аргенціны стаў правы лібертарыянец Хаўер Мілей. Пры чым ён перамог з больш вялікім адрывам, чым чакалася, адзначае Reuters. Ён набраў каля 56% галасоў, у яго суперніка міністра эканомікі краіны Серхіа Масы — крыху больш за 44%.

Мілей вядомы сваімі радыкальнымі поглядамі. Ён абяцаў распусціць Нацбанк, увесці ў краіне даляр замест песа, каб спыніць інфляцыю. А сваю выбарчую кампанію ён вёў пераважна праз TikTok. На адным з перадвыбарных мерапрыемстваў ён з'явіўся з бензапілой — хацеў паказаць, як скончыць з "палітычнай кастай" у Аргенціне.

Мілею 52 гады. Ён эканаміст па адукацыі. Не жанаты, дзяцей няма. Весці кампаніі яму дапамагала сястра Карына. Сваімі лепшымі сябрамі ён лічыць сабак, нават называе іх сваімі дзецьмі. Менавіта іх ён дзякаваў за перамогу на праймерыз. Усе сабакі Міле носяць імёны вядомых эканамістаў.

"Мадэлі дэкадансу прыйшоў канец, шляху назад няма", — заявіў Мілей пасля падвядзення вынікаў выбараў. Аргенціна абрала сваім прэзідэнтам "аўтсайдэра з радыкальнымі поглядамі", піша пра яго Reuters. Выбаршчыкі спадзяюцца, што ён справіцца з эканамічнымі праблемамі, спыніць трохзначную інфляцыю, рэцэсію і беднасць, якая расце. Мілей таксама рашуча выступае супраць абортаў, выступае за змякчэнне законаў аб зброі і крытыкуе аргентынскага папу Францішка. "Сітуацыя крытычная, і тут няма месца млявым паўмерам", — паўтарыў Мілей пасля падвядзення вынікаў.

Яго ўжо павіншаваў з абраннем былы прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, а прэзідэнт Калумбіі Густава Петра заявіў, што гэта быў "сумны дзень" для рэгіёну.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі