У авіякатастрофе Іл-76 у Алжыры загінулі 257 чалавек
У авіякатастрофе Іл-76 на поўначы Алжыра загінулі 257 чалавек (сярод іх — 10 чальцоў экіпажу). Ваенна-транспартны самалёт разбіўся неўзабаве пасля вылету з авіябазы каля горада Буфарык (яна знаходзіцца ў 50 км на поўдзень ад сталіцы). Выжылі толькі некалькі чалавек. Аднак дадзеныя пра колькасць людзей, якія знаходзіліся на борце, усё яшчэ ўдакладняюцца. Дакладна вядома, што большасць іх былі вайскоўцамі, інфармуе “Бі-Бі-Сі”.
Прычыны авіякатастрофы невядомыя, праводзіцца расследаванне. Пасля падзення самалёт загарэўся.
Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народу і сябе асабіста выказаў спачуванні прэзідэнту Алжыра, народу яго краіны, сваякам і блізкім загінулых.