У бабруйскім інтэрнаце патанула дзевяцімесячнае дзіця
Упраўленне Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці пачало крымінальную справу з нагоды смерці дзевяцімесячнага хлопчыка.
Надзвычайнае здарэнне адбылося 19 кастрычніка ў адным з бабруйскіх інтэрнатаў, паведамляе БелаПАН. 30-гадовая жанчына пайшла мыць свайго маленькага сына. Ваду ў ванну яна набірала душам. У пэўны момант жанчыне спатрэбілася нешта ўзяць, і яна выскачыла на пару хвілін. Калі бабруйчанка вярнулася, дзіця ўжо было пад вадой.
Маці і бацька дзіцяці спрабавалі самі рэанімаваць немаўля, а таксама выклікалі хуткую дапамогу. Аднак лекары канстатавалі смерць дзіцяці.
Следчыя пачалі крымінальную справу за пакіданне ў небяспецы. Асноўная версія смерці дзіцяці — утапленне. Паводле папярэдніх звестак, слядоў гвалтоўнай смерці не выяўлена.
Паведамляецца, што сям'я, у якой адбылася трагедыя, характарызуецца з добрага боку. Бацька працуе, маці знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе за дзіцем. У сям'і ёсць яшчэ адно дзіця — 11-гадовае.
Фота: bobruisk.ru