У Бабруйску маршрутка з пасажырамі сутыкнулася з "Фордам" (фота)
У Бабруйску каля вакзала зранку 12 снежня адбылося ДТЗ з удзелам маршруткі, у якой ехалі пасажыры. Як піша komkur.info, каля 8-й гадзіны раніцы маршрутка Mersedes Sprinter сутыкнулася з Ford S Max на скрыжаванні вуліц Інтэрнацыянальнай і 50 год Кастрычніка.
Паведамляецца, што "Форд" ехаў па вуліцы 50 год Кастрычніка і хацеў павярнуць налева. Кіроўца распавёў, што ён выхаў на скрыжаванне на зялёны сігнал светлафора. Ён пабачыў, што на Інтэрнацыянальнай вуліцы два шэрагі машын чакалі сваёй чаргі пераехаць скрыжаванне, а маршрутчык аб'язджаў гэты невялікі затор па сустрэчнай паласе. Далейшага кіроўца "Форда", па яго словах, не памятае.
Дарэчы, у легкавіку акрамя кіроўцы былі двое дзяцей — 10 і 15 гадоў. Ніхто з іх пры аўтааварыі не пацярпеў. Таксама без траўмаў пры ДТЗ абышліся два пасажыры маршрутнай таксоўкі. А вось машыны пацярпелі значна: у "Форда" змяты маторны адсек, у мікрааўтобуса пашкоджаны бампер, фары, капот. Дарэчы, удар пры сутыкненні атрымаўся такім, што маршрутка прабіла турнікет і пагнула светлафор.
Ні ў "Фордзе", ні ў маршрутцы не стаялі відэарэгістратары. Праверкай аварыі займаецца ДАІ Бабруйска.